КДБ прымушае мантажыста прызнацца ў супрацы з «Белсатам»


На працу да відэамантажыста прыйшоў «Андрэй Андрэевіч» з КДБ і запатрабаваў прызнацца ў супрацы з «Белсатам». Хацеў атрымліваць інфармацыю пра сюжэты незалежных журналістаў.

КДБ аказвае ціск на супрацоўніка СТВ Аляксандра Шымко, пагражаючы звальненнем з тэлебачання з «воўчым білетам», такім чынам камітэт спрабуе дамагчыся ад яго прызнання ў супрацы з «Белсатам».

Чалавек у цывільным, які прадставіўся «супрацоўнікам дзяржбяспекі» Андрэем Андрэевічам, прыйшоў да інжынера відэамантажу СТВ Аляксандра Шымко на працу. Пагражаючы звальненнем, «Андрэй Андрэевіч» патрабаваў, каб Аляксандр прызнаўся ў супрацы з тэлеканалам «Белсат» і каб паведамляў ім пра ўсе свае працы па мантажы відэа.

На наступную раніцу Андрэй Андрэевіч сустрэў Аляксандра Шымко каля крамы і спрабаваў яго змусіць да паездкі ў КДБ, каб правесці аналіз на паліграфе. Відэаінжынер адмовіўся ехаць без позвы – тады супрацоўнік КДБ даў яму падпісаць «Прадпісанне» з абавязкам прыехаць у пятніцу 12 лютага ў КДБ па адрасе вул. Камсамольская, 30. У прадпісаніі было указана што ў выпадку незяўлення яму пагражае штраф ад 20 да 50 базавых ставак.

«Апошнім часам мы назіраем рост увагі спецслужбаў Беларусі да незалежных медыяў», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК) Гары Паганяйла.

Нягледзячы на некалькі спробаў атрымаць афіцыйную акрэдытацыю ў Беларусі, кожны раз тэлеканал «Белсат» атрымліваў адмову. Сістэматычна журналісты атрымліваюць вялізныя штрафы за супрацу з «Белсатам» (за «працу без акрэдытацыі»).

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў