«КДБ будзе помсціць»: Міхалевіч пра прызнанне маладафронтаўца Пальчэўскага


Алесь Міхалевіч пасля выхаду з СІЗА КДБ

Сёння актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што падпісаў дамову аб супрацы з КДБ падчас допыту па так званай «справе патрыётаў». Сваю дзейнасць ён мусіў праводзіць пад псеўданімам Артур. Пра гэта актывіст паведаміў у «Facebookʼу», назваўшы свой пост «споведдзю».

Мы папрасілі палітыка Алеся Міхалевіча пракаментаваць учынак Пальчэўскага. Ён таксама пагадзіўся супрацоўнічаць са спецслужбай у 2010 годзе, але неўзабаве прызнаўся ў гэтым на прэс-канферэнцыі. Адразу ж пасля прызнання Міхалевіч з’ехаў у Чэхію.

Што канкрэтна, на Ваш погляд, патрэбна было супрацоўнікам КДБ ад «агента Артура»?

Я думаю, яны хацелі, каб Пальчэўскі бесперапынна пастаўляў ім інфармацыю пра «Малады Фронт». Ім цікавая сама арганізацыя, яе планы, ідэі. А Пальчэўскі – як раз адзін з лідараў.

Але хіба яны не мелі псіхалагічнага партрэту Пальчэўскага? Не памяталі, як ён прыкоўваў сябе кайданкамі да МАЗу ў Курапатах?

Варта падкрэсліць, што тычыцца вярбоўкі, гэта ня першая памылка спецслужбістаў. Часам яны рабілі стаўку на чалавека, але прамахваліся. Да таго ж, нават ведаючы. Што чалавек моцны, заўжды можна знайсці рычагі ціску: напрыклад, пагроза крымінальнай справы супраць яго або супраць блізкіх, раскрыццё кампрамату з асабістага жыцця.

Цяпер, калі супраца дэ-факта анулявана, для Пальчэўскага існуе пагроза?

Так. Відавочна, КДБ будзе помсціць. І самы эфектыўны метад – паўторна далучыць да «справы патрыётаў». Я вельмі рэкамендую Пальчэўскаму часова пакінуць Беларусь ці залегчы на дно, знікнуць. Трэба паехаць туды, дзе яго не знойдуць і адключыць мабільную сувязь.

Belsat.eu паспрабаваў звярнуцца па каментар у прэс-службу КДБ, аднак прэс-сакратара ведамства Дзмітрыя Пабяржына не было на працоўным месцы. А супрацоўнік КДБ у прыёмнай для грамадзянаў адмовіўся даваць каментар.

У 1991 годзе беларускія чэкісты спрабавалі завербаваць паэта Славаміра Адамовіча. У 2010- м дамову падпісаў кіраўнік перадвыбарчага штабу Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец, які дагэтуль жыве ў эміграцыі. Трыма гадамі раней пра супрацоўніцтва з КДБ заявіў студэнт праграмы Каліноўскага Уладзіслаў Міхайлаў. Па вяртанні з Польшчы ў Беларусь, ніякай інфармацыі пра лёс Міхайлава больш не было. А актывіст папулярнай у 2000-я гады апазіцыйнай суполкі «Зубр» Андрэй Зайцаў пасля прызнання скончыў жыццё самагубствам.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў