КДБ: Аляксея Доўбаша на момант здзяйснення тэрактаў не было ў Бруселі


«Нам дакладна вядома, што на момант здзяйснення тэрактаў Аляксей Доўбаш знаходзіўся ў горадзе Гомель. Прычым аб сваім выездзе ў Рэспубліку Беларусь ён загадзя праінфармаваў паліцыю Бельгіі. Даведаўшыся з інтэрнэту пра інфармацыю, якая ў дачыненні да іх з братам распаўсюджваецца, папрасіў свайго брата Івана патлумачыцца ў антытэрарыстычных падраздзяленнях Бельгіі, што той і зрабіў. 

Такім чынам, мы можам пэўна сцвярджаць, што Аляксея Доўбаша на момант здзяйснення тэрактаў у Бельгіі не было. Датычна Івана Доўбаша і Марата Юнусава – давайце гэтае пытанне адрасуем нашым бельгійскім калегам».

Адпаведную заяву зрабіў у эфіры праграмы «Панарама» тэлеканалу «Беларусь 1» начальнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

«Грамадзяне знаходзяцца ў поле зроку Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі з 2014 года. З 2015 года іх праверка вялася сумесна з ФСБ Расеі. Устаноўлена, што двое з іх зʼяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, адзін – выхадзец з Расеі. Разам з тым, дадзеных, якія пацвярджаюць іх узаемасувязь, на сённяшні дзень у КДБ няма», – паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі. Гаворка ідзе пра братоў Доўбашаў і Марата Юнусава.

Паводле інфармацыі КДБ, браты Доўбашы (Аляксей і Іван) разам з маці ў 2000 годзе выехалі на тэрыторыю Бельгіі, дзе і выхоўваліся. У 2006 годзе Аляксей скончыў школу і паступіў у секцыю боксу, дзе і пазнаёміўся з прыхільнікамі ісламу. Пасля пад іх уплывам ён прыняў іслам і на першапачатковым этапе пастаянна наведваў мячэць.

«Паводле наяўнай інфармацыі, апошнім часам мячэць ён не наведвае, а малітвы праводзіць удома. Таксама мы маем інфармацыю, што ў 2013 годзе ён пазнаёміўся з выхадцам з Сербіі, які пасля выехаў на вайну ў Сірыю. У 2014 годзе прыблізна каля 1,5 месяцаў ён знаходзіўся з мэтай пошуку працы на тэрыторыі Турцыі. Разам з тым, за парушэнні турэцкага заканадаўства быў назад высланы ў Бельгію», – інфармаваў Дзмітрый Пабяржын.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці бывалі браты Доўбашы ў Беларусі і калі апошні раз, ён адказаў: «КДБ мае дадзеныя пра тое, што браты перыядычна наведвалі Рэспубліку Беларусь».

Адносна трэцяга фігуранта, пра якое паведамляюць СМІ – Марата Юнусава – начальнік прэс-службы КДБ Беларусі адзначыў, што ён зʼяўляецца выхадцам з тэрыторыі Расеі, а з 1990 года пражываў на тэрыторыі Беларусі ў Гарадзенскай вобласці.

«У 1999 годзе выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Бельгію. У 2008 годзе ён прыняў бельгійскае падданства, і з гэтага часу мы маем звесткі пра пяць наведванняў тэрыторыі Беларусі. Апошні раз Марат Юнусаў наведваў Беларусь у 2011 годзе», – паведаміў Пабяржын.

На пытанне, ці валодае КДБ інфармацыяй пра тое, ці звязаныя паміж сабой браты Доўбышы і Марат Юнусаў, ён сказаў: «На сённяшні дзень КДБ не мае інфармацыі пра ўзаемасувязь паміж братамі Доўбашамі і Маратам Юнусавым».

У снежні 2015 года, як адзначыў Дзмітрый Пабяржын, інфармацыя пра братоў і Марата Юнусава была перададзена калегам з ФСБ Расеі з прапановай аб перадачы яе праваахоўным органам Бельгіі, з якімі КДБ кантактаў не падтрымлівае.

«Ці дастаўлена інфармацыя ў дачыненні да згаданых асоб, нам не вядома», – сказаў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі.

Таксама Пабярэжын адзначыў, што КДБ па лініі процідзеяння міжнароднаму тэрарызму гатовы супрацоўнічаць з любой краінай свету.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў