Казахстан можа абмежаваць імпарт з Расеі


Краіна-сябра Мытнага звязу хоча зберагчы ўнутраны рынак ад расейскіх тавараў, што патаннелі пасля дэвальвацыі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Казахстан усур’ёз абмяркоўвае ідэю забароны ці абмежавання паставак з Расеі тавараў, што рэзка патаннелі, піша «Коммерсант». Гаворка ідзе, перадусім, пра нафтапрадукты, аўтамабілі, метал, кураціну, муку, сокі і кандытарскія вырабы. Казахскія вытворцы ў цяперашняй сітуацыі не ў стане канкураваць.

Расейскі рубель дэвальваваўся на 47 % у стасунку да тэнге. Таму, напрыклад, сярэдняя ўвазная цана за кілаграм курынага мяса знізілася ўдвая: з 760 да 380 тэнге. Пры гэтым сабекошт казахскай кураціны складае 400 тэнге за кілаграм.

Так сама як і беларусы, у канцы мінулага года казахі масава набывалі аўтамабілі ў Расеі, з-за чаго продажы аўтадылераў у самім Казахстане знізіліся.

«Коммерсант» заўважае, што расейска-казахскія адносіны, нягледзячы на шчыльную супрацу ў межах Мытнага звязу, выглядаюць усё больш напружанымі. Эксперты тлумачаць гэта эскалацыяй украінскага крызісу: Астана баіцца, што Расея паспрабуе разыграць «усходнеўкраінскі сцэнар» у Казахстане, які мае вялікую частку расейскамоўнага насельніцтва. Улады Казахстану даюць зразумець: эканамічную інтэграцыю не трэба разглядаць як гатовасць пагаджацца з курсам Масквы па ўкраінскім і іншым крызісах.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў