Кавалеўскі: «Палітыка Клінтан адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі»


Пасля панядзелкавых дэбатаў паміж Гілары Клінтан і Доналдам Трампам іхныя шанцы на перамогу засталіся прыкладна роўнымі. Хто з абодвух кандыдатаў на прэзідэнта ЗША больш выгодны для Беларусі, «Белсату» тлумачыць Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Дзяніс Дзюба: Калі параўнаць першы раўнд дэбатаў – чым ён адрозніваецца ад другога і трэцяга? І што, уласна кажучы, чакаць ад наступных?

Валер Кавалеўскі: Першы раўнд быў вельмі важным, а таксама вельмі нервовым і для саміх кандыдатаў, і для іх прыхільнікаў, бо было невядома, як ён пройдзе: кандыдаты – вельмі розныя па тэмпераменце, стылю і кваліфікацыях. Клінтан добра валодае фактурай, але Трамп вельмі ўдала выступае на такіх імпрэзах. Таму была інтрыга ў тым, як гэткія розныя фігуры з сабой сыйдуцца, як будуць узаемадзейнічаць, якая будзе дынаміка.

Аказалася, што падрыхтаванасць Клінтан сыграла вельмі важную ролю: Трамп быў скаваны, і не мог выступаць упэўнена з такім бязмежжам формаў і эпітэтаў, якія ён дазваляе сабе ўва звычайных умовах, ён не мог карыстацца сваймі метадамі. Было відавочна, што Клінтан яго пераўзыходзіць: тут пытанні і стылю, і манераў, і рэакцыі на рэмаркі апанента.

Клінтан ад самага пачатку пачала разгойдваць Трампа дробнымі, але трапнымі ўколамі, калі яна звартался да ягонай біяграфіі і да папярэдніх выказванняў – яна дэманстравала, што ў чалавека недастаткова кваліфікацыяў, недастаткова маральнага бэкграунду.

Наколькі катастрафічнай для Амерыкі будзе перамога Трампа?

Людзі, якія маральна рыхтуюцца да перамогі Трампа, кажуць, што ў Амерыцы ёсць сістэма балансаў, якая стрымлівае і ўраўнаважвае выканаўчую ўладу. Заканадаўчая ўлада не дазваляе прэзідэнту быць занадта ўплывовым. Але мы бачым, што Трамп таксама можа пераходзіць пэўныя межы ў сваіх рашэннях, падыходах і рыторыцы. Ён нават цяпер пераходзіць межы дзейных законаў. У прэзідэнта досыць прасторы, каб прымаць уласныя рашэнні нават насуперак Кангрэсу. Напрыклад, калі Кангрэс у адпачынку, прэзідэнт можа прымаць рашэнні без ухвалення заканадаўчага органа.

Я бачу значную пагрозу ў тым, што Трамп можа быць абраны: ЗША – эканамічны, палітычны і ваенны лідар у свеце, і падобныя змены ў канфігурацыі ўлады, змены ў падыходах да міжнародных праблемаў могуць мець сурʼёзныя наступствы для ўсяго свету.

А для саміх Штатаў? Ці можа здарыцца новая Вялікая дэпрэсія, калі, напрыклад, Трамп абмяжуе прыток у краіну мігрантаў?

Мяркую, гэта можа здарыцца, але сістэма, канешне, будзе супраціўляцца – Трампу будуць супрацьстаяць Кангрэс, грамадзянская супольнасць, палітычныя партыі.

У саміх рэспубліканцаў няма адзінства і згоды з тым, што гаворыць Трамп – яны проста хочуць, каб да ўлады прыйшоў рэспубліканец, які пераключыць павестку дня на больш кансерватыўныя тэмы. Яны зусім не згодныя з тым, што трэба будаваць муры або выдаляць з краіны ўсіх мусульманаў і нелегальных мігрантаў.

Ёсць і эканамічныя чыннікі: фондавыя рынкі маюць у Штатах вялікае значэнне, і як яны адрэагуюць на магчымае абранне Трампа, на ягоныя ідэі і рашэнні, якія ён будзе прасоўваць, – гэта складанае пытанне. Калі іх рэакцыя будзе адмоўнай, гэта можа паўплываць на рашучаць Трампа ў рэалізацыі сваіх ідэяў.

Хто з двух кандыдатаў больш бы адпавядаў на пасадзе прэзідэнта нашым нацыянальным інтарэсам?

Гілары Клінтан значна больш ведае Беларусь. Яна была ў Беларусі разам са сваім мужам, прэзідэнтам Білам Клінтанам, у 1994-м годзе. Яна мела дачыненне да беларускага пытання – і да заканадаўства, і да ініцыятываў, – калі яна была сенатарам, і пасля, калі яна была дзяржсакратаром Злучаных Штатаў. Яна нават уручала першую ўзнагароду за жаночую мужнасць Насце Палажанка ў 2011-м годзе. Яна разумее нашую сітуацыю і надае высокую ўвагу пытанням каштоўнасцяў – дэмакратызацыі, правоў чалавека, дэфіцыту якіх у Беларусі яна аддае сабе справу.

У адрозненні ад Клінтан, для Трампа гэта не тэма: ён не мае ніякага досведу ў міжнародных дачыненнях і не разумее фундаментальных прынцыпаў вядзення вонкавай палітыкі. Ён скептычна выказваецца пра ролю НАТО як гаранта стабільнасці ў Еўропе.

Вельмі важна тое, што ён дружалюбна ставіцца да дыктатарскіх рэжымаў, камплементарна выказваецца пра Уладзіміра Пуціна і скептычна – пра Украіну. Па невядомых прычынах ён адмовіўся сустракацца з Пятром Парашэнкам, калі той быў у ЗША на Генеральнай асамблеі ААН – гэта істотны сігнал. Ён ужо казаў пра тое, што будзе гатовы прызнаць расейскую анексію Крыму як законную. У атачэнні Трампа даволі шмат людзей, якія маюць наўпроставыя інтарэсы ў Расеі, і, як сцвярджаюць некаторыя медыі, могуць знаходзіцца пад пэўным расейскім уплывам.

Палітыка, якую збіраецца праводзіць Гілары Клінтан, больш адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Глядзіце матэрыял «Кандыдатка ад Беларусі»

Ці Трамп тэарэтычна мог бы пасябраваць з Лукашэнкам?

Тэарэтычна ўсё магчыма. Мяркую, што калі б Лукашэнка адкарэктаваў сваю ўнутраную і вонкавую палітыку, правёў пэўныя палітычныя рэформы, ён мог бы сустрэцца ўжо і з Оўбамам – не цяпер, калі тут засталіся лічаныя дні да заканчэння ягонага тэрміну, але тады, калі ён кіраваў Амерыкай. (Год таму Лукашэнка сустрэўся з Оўбамам, але для пратаколу: прыём у Оўбамы адбыўся 29 верасня і быў прысвечаны кіраўнікам дэлегацыяў на 70-й Генеральнай Асамблеі ААН. – Заўв. «Белсат».)

Калі б Лукашэнка правёў у краіне пераўтварэнні, былі б шанцы сустрэцца і з Гілары Клінтан. Як мы бачым, прэзідэнты амаль усіх постсавецкіх, нават аўтарытарных, краінаў, як Казахстан або Азербайджан, сустракаюцца з амерыканскімі прэзідэнтамі. Гэта адбываецца часта і рэгулярна, і ня ёсць чымсьці незвычайным. Гэта для нас – сенсацыя, а для іншых краінаў – норма.

Які ваш асабісты прагноз па выніках выбараў?

Пакуль цяжка сказаць – дынаміка складаная. Тое, што першыя дэбаты прайшлі на карысць Клінтан, дадае ёй станоўчай дынамікі. Трамп дапусціў некалькі сур’ёзных памылак – асабліва, калі сказаў, што тое, што ён можа пазбягаць аплаты федэральных падаткаў азначае, што ён вельмі разумны. Гэтыя памылкі цяпер актыўна выкарыстоўваюцца ў медыях, і ў прэзідэнцкай кампаніі Клінтан.

Тое, што ў першым раўндзе перамагла Клінтан, вельмі ёй дапаможа працягваць гэты наступ, і перамагаць на класе. Ёй неабавязкова зараз рызыкаваць у нейкіх момантах, а дастаткова трымацца таго класу, якім яна ўжо валодае.

Пра вынікі выбараў сказаць цяжка – кандыдаты робяць памылкі, могуць усплыць нейкія новыя факты і г. д. Расейскія хакеры хваліліся тым, што пакажуць новыя паперы, якія скампраметуюць Клінтан. То бок, магчыма ўсё. Абодва бакі не здаюцца, і намагаюцца падарваць аўтарытэт адзін аднаго, таму вельмі рана казаць, як пройдуць выбары. Да іх засталося шэсць тыдняў – цяпер будзе нашмат больш падзеяў, рытм будзе павялічвацца з кожным днём.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Дэйвід Маккўэйд: «Войска можа адмовіцца выконваць загады Трампа»

Размова Сяргея Пелясы з галоўным рэдактарам «Geopolitical information services» у выданні «ПраСвету».

Глядзі таксама
Каментары