«Кавалак мяса з Беларусі ў яго засядае»: Лукашэнка крытыкуе кіраўніка «Рассельгаснагляду»


Кіраўніку краіны не падабаюцца прэтэнзіі Сяргея Данкверта да беларускіх харчоў. Пра гэта Лукашэнка заявіў на нарадзе па праекце дамовы аб Мытным кодэксе ЕАЭС.

«У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт ды іншыя, аплююць, абрахаюць ды абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, ці шклянка малака, або кавалак хлеба засядаюць, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць», – сказаў Лукашэнка.

Напярэдадні ў інтэрвʼю РБК Данкверт абвінаваціў Беларусь у кантрабандзе на тэрыторыю Расеі санкцыйных тавараў з Еўразвязу.

Аднак паводле Аляксандра Лукашэнкі ў мытных пытаннях Беларусь нічога не хавае ад партнёраў па ЕАЭС. Усе прэтэнзіі ён неаднаразова называў несправядлівымі.

На нарадзе Лукашэнка таксама запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Мытны кодэкс важны для Беларусі, бо рэгулюе пытанні экспарту і імпарту, адзначыў прэзідэнт. Таму «дакумент павінен быць абсалютна вывераным».

«Усё мусіць быць прадумана. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, нават якія апазіцыйна думаюць, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзянаў нашай краіны. Неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не», – сказаў ён.

«Мы нічога не павінны страціць. У нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюзу – Расея і Казахстан – могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваймі мазгамі і рукамі гэтыя грошы », – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама наказаў, што «нельга пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі».

Мытны кодэкс ЕАЭС плануюць падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага эканамічнага савету 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў