Каўчэг для Маркса, валяр'янка для коткі. Бізнесовец будуе пад Наваградкам Дом спаўнення мараў


«Я гэты дом падараваў людзям», – гэтак пачынае экскурсію па сваіх дзівосных уладаннях Сяргей Коваль, які ў пэўны момант вырашыў, што можа выратаваць свет. Разам з майстрамі з усёй Беларусі былы бізнесовец спрабуе захаваць прыгажосць, бо толькі яна, на яго думку, можа дапамагчы людзям.

«Выдатны быў фізік Альбэрт Айнштайн. Ён прыдумаў тэорыю адноснасці. Усё адносна назіральніка. Увогуле свет – гэта тое, што бачаць вочы. Колькі вачэй, столькі і светаў. Адносна мяне – гэта трэці храм. Другі храм памятаеце, з золата быў і разабраны быў людзьмі. Разабраны на грошы. І людзі пакутуюць. А гэта трэці храм і мая задача сабраць усе грошы назад, каб людзі перасталі пакутаваць. Я падараваў гэты Дом людзям, усёй зямлі», – распавядае спадар Сяргей, кожнае слова якога можна рэзаць на цытаты. Гэта бянтэжыць розум, выклікае падазрэнні ў вар’яцтве на пачатку і прымушае глыбока задумацца ў выніку.

«Дадаў крышачку прыгажосці»

Насіцель пургі, гаспадар каралеўства коткі Кацькі-Макацькі, Сяргей Коваль. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Дом на ўскрайку вёскі Літоўка, Сяргей Коваль прыгледзеў сабе даўно. У 2012-м распачаў перабудову і цяпер будынак над возерам прыцягвае ўвагу кожнага, хто праязджае побач. Менавіта тут спыняўся на адпачынак некалі Уладзімір Высоцкі разам з Марынай Уладзі і ў памяць пра гэта Сяргей адмыслова аформіў адзін з пакояў, па якім водзіць сваіх гасцей.

Жаба душыць чалавека. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Чаму вырашыў пабудаваць? Спалохаўся. За жыццё сваё, за жыццё сваіх дзяцей. Прааналізаваў увесь вопыт, усе веды, якія ў мяне ёсць. Глядзеў навіны міжнародныя і спалохаўся. У палітыку я не ўмешваюся, палітыка брудная справа. У рэлігію я таксама не ўмешваюся. Я ўзяў першую частку фразы Дастаеўскага: «Прыгажосць уратуе свет» і дадаў крышачку сваёй. І будую гэты дом, каб выратаваць гэты свет ад вайны і патопу. Я як толькі пачаў займацца гэтым аб’ектам, то дагэтуль жыву ў шчасці. Я назіраю, як натхнёныя людзі, вялікія майстры, натхняючы адзін аднаго, рэалізуюць свае мары», – распавядае Сяргей Коваль.

Вароты – вечны рухавік

Каб лепш працавалася майстрам, на вуліцы гучыць класічная музыка. Кожная дэталь гэтага месца мае сваю асобную гісторыю. З аднаго боку ў плот уладкаваны акварыум з рыбкамі, каб котка – каралева гэтай будоўлі Кацька-Макацька мела, чым заняцца. Гледзячы на мудрагелісты каваны плот, цяжка адразу зразумець, што гэта – вечны рухавік.

«Тут у нас на варотах – шпурлялачка малпавых мазгоў. Пачынае шпурляць мазгі – 100 мазгоў у хвіліну. На руцэ тэўтонскага рыцара арол. Булавы – гэта маяк для тых, хто заблукаў. Гук «ом». Гук бясконцасці ў індуізме, прымяняецца брахманам, каб выклікаць істоту няведамай чалавецтву сілы. Японска-украінская пагада. Каваль украінец. Мы прасілі японскую, таму атрымалася – японска-ўкраінская. Рог дастатку. Сейф, у ім 130 тысяч камбінацый, але толькі я ведаю дакладную. Ёсць у матэматыцы такі раздзел камбінаторыка. Я папрасіў вялікага каваля ўставіць туды найвялікшую таямніцу светабудовы. З аднаго боку там чырвонае празрыстае шкло і таямніцу можна прачытаць. На латыні. Там напісана «Ідэя вечная». І заключаецца яна ў наступным: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе», – распавядае Сяргей Коваль.

За варотамі гасцей сустракае барэльеф з выявай Духа лесу. Яго сумныя вочы нагадваюць пра тое, як дрэнна людзі абыходзяцца з лесам. Да прыкладу выкідваюць старыя мабільныя тэлефоны, якія Сяргей пасля збірае і вешае на адной са сцен дамка. «Яны гніюць 200 гадоў. Давайце старымі мабільнымі тэлефонамі ўцеплім часовыя збудаванні. А калі іх стане так шмат, што сцяна не будзе вытрымліваць, давайце ўтылізуем іх па ўсіх правілах і метадах. Прывозьце, калі ў вас ёсць стары мабільнік. Там ёсць цвічок, малаточак, прыб’ем, будзе цёпленька», – паказвае ратаўнік свету на сцяну з укрыжаванымі мабільнікамі.

Дравесная палонніца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У двары зроблена адмысловая сцэна, на ёй – адна са скульптураў нагадвае расейскую спявачку Наргіз Закіраву.«Я з ёй асабіста знаёмы і мяркую, што ў будучыні яна выступіць у гэтым доме бясплатна. А скульптуру рабіў наш наваградскі хлопец. Самавук. Да 23-х гадоў быў зваршчыкам, потым пачаў ляпіць. Дзмітрый Ярафееў, скульптура «Дравесная палонніца», – распавядае Сяргей.

Сцяна сцэны ўпрыгожана фрэскамі, на якой выяўленыя: партрэт насіцеля пургі (Сяргея Коваля), сабаку Бомка, першыя сведкі падзення каменя ісціны, выява сярэднявечных майстроў з тварамі тых, хто працуе зараз і хто спрабуе вынайсці вечны рухавік, кацёл, корань мандрагоры, творы мастацтва.

Сабраныя ў лесе старыя мабільнікі, якія ўцяпляюць сцяну. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Усё павінна быць вышэйшай якасці, бо інакш у нізе катла стаіць фільтр высокай ачысткі, і калі нешта будзе дрэннай якасці, заб’ецца, і рухавік перастане працаваць. Але асноўным палівам вечнага рухавіка будуць няспынныя жаданні людзей убачыць, што будзе далей. Бо светам рухаюць нашыя жаданні. Пытанне толькі ў тым, куды іх накіроўваць», – тлумачыць Сяргей.

У стылі «блявотнага ампіру»

Шэкспіраўскі калідор. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Далей уваходзім у дом. Калідор сустракае нас пакоем з маскамі Шэкспіра ў стылі «блявотнага ампіру», як акрэсліў яго Сяргей. Збоку пакойчык з вялікім барэльефам Высоцкага. Далей уваход у вялікую залу, дзе на столі, як у былых палацах, намаляваны чатыры зямныя стыхіі. На сцяне вісіць дзіўная канструкцыя, якая нагадвае гадзіннік. Аднак, куды там?! Гэта… трубка міру.

Трубка міру Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Прыляцела да мяне, прашыбаючы сусветы, вялікая трубка міру. Яна прызначаная для правіцеляў. У мяне вялікая мара, каб сюды ў вялікую залу прыляталі правіцелі варожых краінаў і курылі сваю трубку. Можа тады перастануць быць войны на зямлі», – тлумачыць Сяргей, пабачыўшы здзіўленне на нашых тварах. У куце залы стаіць бар-тумбачка з маленькімі бутэлечкамі валяр’янкі для кошкі Кацькі-Макацькі, якая любіць часам пахмяліцца.

«Сэнс дому – спраўдзіць псіхіку чалавека. Я выбраў спецыяльна мову, зразумелую ўсім людзям на зямлі – гэта мова прыгажосці. Тут кожны рэалізуе сваю мару. І кожная частачка і дэталь дому – гэта споўненая мара чалавека. Усё робіцца спантанна. Вечны рухавік – жаданні. Увесь свет – гэта жаданні, толькі куды іх накіраваць? Або на здабычу вуглевадародаў або на мір і творчасць. Жыць можна па-рознаму. Я развярнуўся ў іншы бок, таму што я не хачу вайны», тлумачыць гаспадар Дому спаўнення мараў.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ва ўнутраным дворыку Сяргей Коваль будуе каўчэг, у якім Ленін разам з Марксам паплывуць у сацыялізм. Каля каўчэга – альтанка ў стылі іспанскага архітэктара Антонія Гаўдзі. Хаця, хто яго ведае? Можа ён тут пабываў і натхніў майстроў? У доме Сяргея Коваля рэальнасць перастае быць нармальнай. Гэта маленькі іншы сусвет, кожная дэталь якога прымушае бачыць рэчы па-новаму, па-іншаму. Вось напрыклад за домам стаіць яшчэ адзін дамок, меншы, дзе жывуць гномы. А фантан за домам – гэта не фантан, а жаба, якая душыць чалавека. А ў склепе за домам – апачывальня ў стылі зомбі-хорару. Тут нават ёсць свой дракон, які прыляцеў у ноч крывавага месяца і знёс яечка.

Прыпынак Чорнага рыцара

Прыпынак Гражыны Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Акрамя дому варта таксама спыніцца каля прыпынку, які, без перабольшвання можна сказаць, адзін з самых цікавых у Беларусі. Рабіў яго таксама Дзмітрый Ярафееў і прысвечаны ён Гражыне – гераіні сусветнавядомага твора Адама Міцкевіча.

«Калісьці да Наваградскага замка падышло вялізнае тэўтонскае войска. У той час тут княжыў Літавор. Магістар ордэну запатрабаваў ад князя даніну. Князь спужаўся і вырашыў заплаціць. У князя была жонка Гражына. Вельмі прыгожая і разумная. Да яе прыехаў князь Радмін і кажа: Гражына, трэба абараняць нашу зямлю, бо што пра нас падумаюць нашыя дзеці. Гражына не хацела пярэчыць мужу, але трэба было нешта рабіць. Яна сабрала войска. Апранула чорныя даспехі і пайшла на крыжакоў. І тут у даліне Літоўка пачалася бітва. На трэці дзень яны разбілі крыжакоў, але чорны рыцар, каторы павёў войска, быў паранены. У даўнія часы рыцара прынята было спальваць на вогнішчы. І калі знялі шлем, гэта аказалася жонка князя Гражына», – з запалам расказвае Сяргей.

«І ня знойдзецца сягоння ў Навагрудскай гміне ніводзін, хто не знаў бы песні аб Гражыне, бо і дудары пяюць і паўтараюць дзеўкі. А месца бітвы той завуць далінаю Літэўкі. Адам Міцкевіч».- віднеецца надпіс на прыпынку.

«Пераварочваю свет»

Кабінет біскупа свету. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Калі казаць пра самога Сяргея Коваля, то ў вёсцы яго клічуць Французам. Мянушка з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі малы хлопец насіў доўгі скураны чорны плашч, які прыслала яму сваячка з Амерыкі.

«Год вучыўся ў БДУ, факультэт радыёфізікі і электронікі, потым трапіў у СПТУ, потым трапіў у армію. Потым сышоў у сяльгазтэхнікум. Крыху ў турме нават пасядзеў. Адкуль грошы? Грошы я зарабіў цягам 20-ці гадоў на відавоку ва ўсіх жыхароў правінцыйнага 30-тысячнага гораду Наваградак. Я іх зарабіў. Грошы – гэта аскепкі нашых жаданняў і траціць іх трэба на тое, што прыносіць нам задавальненне. У Індыі я зразумеў, што шчаслівы чалавек, гэта не той, у каго многа грошай, а той, каму іх хапае. Гэты дом маё вялікае задавальненне. Толькі вар’яты вераць у тое, што могуць перавярнуць свет і таму яго пераварочваюць. І я веру, што гэта раблю», – распавядае пра сябе Сяргей.

Глядзіце ўсе фота:

Фота – Васіль Маўчанаў/Белсат
Натхнёныя майстры, якія шукаюць вечны рухавік. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Ідал урадлівасці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Дракон, які прыляцеў у ноч крывавага месяца і знёс яечка. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Пакойчык Уладзіміра Высоцкага . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Шэкспіраўскі калідор. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Стыхіі на столі Вялікай залы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Акварыум у браме для коткі Кацькі-Макацькі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Трубка міру Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Сумны Дух лесу. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Кабінет біскупа свету. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Дравесная палонніца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Жаба душыць чалавека. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Прыпынак Гражыны Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Насіцель пургі, гаспадар каралеўства коткі Кацькі-Макацькі, Сяргей Коваль. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Сабраныя ў лесе старыя мабільнікі, якія ўцяпляюць сцяну. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Будаўніцва каўчэга ў светлы сацыялізм. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Уваход у апачывальню. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
У пакоі для адпачынку, зроблемым у старым склепе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
У пакоі для адпачынку, зроблемым у старым склепе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У дом Сяргея Коваля можа трапіць кожны ахвотны ў любы час і ў любую пару года. Знаходзіцца ён за Наваградкам па дарозе ў вёску Літоўка.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў