Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва аштрафавалі за сюжэт для праграмы, якой не існуе


Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў журналістку Кацярыну Андрэеву і відэааператара Сяргея Кавалёва на 30 базавых велічыняў (735 рублёў) кожнага за працу на мітынгу прафсаюзаў 1 траўня. Таксама Кацярыну Андрэеву аштрафавалі на 45 базавых велічыняў (1102,5 рублёў) за «Чарнобыльскі шлях».

Суд за стрым з «Чарнобыльскага шляху» адбыўся 26 чэрвеня без удзелу Кацярыны Андрэевай. Пастанову суду яна атрымала па пошце, адкуль і даведалася пра вынікі паседжання. Як адзначаецца ў пастанове, журналістка, працуючы без акрэдытацыі МЗС, «праводзіла апытанне грамадзянаў, што ўдзельнічалі ў масавай акцыі, тым самым незаконна вырабіла прадукцыю СМІ» (арт. 22.9 ч.2 КоАП). Адпаведнае рашэнне прынла суддзя суду Савецкага раёну Вера Галаўкова.

Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў. Фота – Ірына Арахоўская belsat.eu

Суд за працу на мітынгу прафсаюзаў адбыўся 28 чэрвеня. Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва прызналі вінаватымі ў супрацы з «Белсатам» без акрэдытацыі МЗС і аштрафавалі паводле арт. 22.9 ч. 2 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў). Самае цікавае, што, паводле суду, Андрэева і Кавалёў «незаконна вырабілі» відэасюжэт, які нібыта выйшаў у эфіры «Белсату» ў праграме «Навіны», хаця праграмы з такой назваю на нашым тэлеканале не існуе. Рашэнне вынес суддзя Іван Касцян. Пастановы Андрэева і Кавалёў атрымалі толькі цяпер.

«Насамрэч, я ўжо трошкі згубіла лік гэтых пратаколаў і судоў. Не тое, каб гэты пераслед моцна адбіваўся на маім жыцці і працы, але, натуральна, непрыемна. Абскарджваць я нават не бяруся, бо сістэма працуе не ў адпаведнасці з законам і накіраваная выключна на выкананне загадаў. Відавочна, што пераслед палітычна матываваны і ў маім выпадку на акрэдытацыю разліваць не даводзіцца. Разам з тым, я спадзяюся, што прыйдзе час, калі такі атавізм як дазвол МЗС будзе непатрэбны журналісту замежнага СМІ», – адзначыла Кацярына Андрэева ў каментары belsat.eu.

Нагадаем, ад пачатку 2018 года за супрацу з «Белсатам» журналістам агулам прысудзілі штрафаў больш чым на Br 46 000.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў