Тэлевядоўца і фронвумэн «Клёндайк» Кацярына Пытлева ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» сёння апоўдні нарадзіла хлопчыка Яна і дзяўчынку Міру.
Маці і дзеці адчуваюць сябе добра.
На сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак Каця паведаміла:
«Адбылося! […] Мы з Аляксеем Каўганавым сталі шчаслівымі бацькамі двайнят 🙂 Выдатных хлопчыка Яна і дзяўчынкі Міры! Дзякуй Сусвету і лекарам «Маці і дзіця» за гэты цуд 🙂 а яшчэ наваспечаным бабулі і дзядулі за дапамогу на ўсіх этапах! Цяпер я дакладна ведаю, што ніколі нельга апускаць рукі, а цуды дзесьці побач з адчаем..»
Сям’я пасля некалькіх гадоў спробаў правяла працэдуру ЭКА. У выніку ў сям’і нарадзілася двойня.
Цяпер Каця знаходзіцца ў рэанімацыі пад пільным прыглядам лекараў.
«Гэта правілы такія», – каментуе маладая маці.
Па словах Каці, лекары павінны пераканаецца, што яна ў парадку, тады сям’я ўз’ядніцца. Свай новы стан тэлевядоўца каментуе так:
«Эйфарыя, што ўсё добра, гэта, напэўна, самае галоўнае :)) шчасце, замілаванне, палёгка, усё ў адным флаконе)). Гэта складана апісаць, але неяк так прыкладна))».
Наваспечаны бацька пакуль што сваіх дзяцей бачыў толькі на фотаздымках:
«Пакуль мяне да іх не пускаюць, яшчэ тыдні два будуць ў шпіталі», – каментуе муж Кацярыны.
Belsat.eu віншуе маладых бацькоў!
Кацярына Пытлева — спявачка, рэжысёр кліпаў, аўтарка музыкі і паэтка, тэле- і радыёвядоўца. Нарадзілася ў 1983 у Менску, скончыла біялагічны факультэт БДУ. Лідарка і вакалістка гурту «Клёндайк». Працавала ў шматлікіх беларускіх і замежных медыях. Цяпер Каця з’яўляецца вядоўцай жывога эфіру Radius FM.
ВД, belsat.eu