Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць Вялікдзень


Сёння каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго свету адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстовага – Вялікдзень. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх бажніцах і малітоўных дамах Беларусі.

У пастырскім пасланні да аднаверцаў і ўсіх людзей добрай волі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае: Вялікдзень нагадвае вернікам пра тое, што «ў грахоўнай цемры засвяціла нязгаснае святло Уваскрэсення», таму штодня людзі павінны ўваскрасаць са сваіх грахоў і «аднаўляцца ласкай уваскрэслага Хрыста».

«Зважаючы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу, кожны з нас асабіста і наша Айчына – Беларусь – патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім, – падкрэсліваецца ў пасланні мітрапаліта. – Нам патрэбны ўваскрэслы Езус, каб бараніў нас перад цемрай бязвер’я і холадам абыякавасці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысціянства з’яўляецца не ваяўнічы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысціян без моцнай веры і хрысціянскага сведчання».

Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў са святам Уваскрэсення Хрыста ўсіх католікаў ды іншых хрысціянаў, што адзначаюць Вялікдзень сёння, а таксама засведчыў сваю павагу да праваслаўных вернікаў, якія будуць адзначаць гэтае свята 12 красавіка.

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якія ўваходзіць 621 парафія. Згодна з данымі за 2008–2012 гады ў Беларусі налічваецца звыш 450 каталіцкіх бажніцаў, яшчэ некалькі дзясяткаў будуецца. У парафіях Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі працуюць каля 500 святароў, у тым ліку больш за паўтары сотні – замежныя грамадзяне (пераважна з Польшчы). У краіне дзейнічаюць дзве вышэйшыя духоўныя семінарыі – у Горадні і Пінску, а таксама два катэхетычныя каледжы – у Менску і Баранавічах.

Колькасць пратэстантаў у Беларусі ацэньваецца, паводле розных дадзеных, на ўзроўні ад 200 тыс. да 500 тыс. вернікаў, грэка-каталікаў – прыкладна 10 тыс. чалавек. Важнымі падзеямі для беларускага касцёла ў гэтым годзе сталі афіцыйны візіт у Менск 12–15 сакавіка дзяржсакратара Святога прастола кардынала П’етра Параліна, а таксама падпісанне 17 лютага дакументаў на рэгістрацыю Менскай тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла ІІ.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары