Католікам адмовілі ў выходным на свята Усіх Святых, бо гэта «немэтазгодна»


У Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў лічаць, што дадатковы непрацоўны дзень можа парушыць правы атэістаў.

Такі адказ на зварот да Лукашэнкі ў справе аб вяртанні статусу непрацоўнага дня 1 лістапада атрымала канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ліст падпісала намесніца Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Алена Радчанка.

Петыцыю, якую падпісалі больш 1,8 чалавек, дасылалі таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта. Прапанову падтрымаў кіраўнік Каталіцкага касцёлу ў Беларусі метрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён назваў гэтае свята абавязковым для каталікоў.

 

У адказе адзначаецца, што з усіх дзяржаўных святаў, аб’яўленых непрацоўнымі днямі ў Беларусі, тры – рэлігійныя (Божае Нараджэнне – каталіцкае і праваслаўнае, а таксама Радаўніца).

«Права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзянаў», – зазначаецца ў лісце.

Таксама звяртаецца ўвага на тое, што яшчэ адзін выходны для католікаў можа падбухторыць вернікаў іншых канфесіяў на падобныя звароты ў адрас Лукашэнкі і ўрада. Таму ў Апараце лічаць немэтазгодным аб’яўленне 1 лістапада непрацоўным днём.

«Урад адмовіўся зрабіць 1 лістапада, каталіцкі Дзень усіх святых, выходным днём. Маўляў, тады свайго выходнага не будзе ў атэістаў. Годзе, таварышы: нават у ваяўнічых атэістаў ёсць свой выходны – 7 лістапада. Іерархам царквы, Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў і грамадзянам трэба падняць пытанне, каб скасаваць выходны 7 лістапада. Што святкуем? Угодкі рэвалюцыі, якая заліла Беларусь крывёю?», – пракаментаваў адмову Павел Севярынец.

У першай палове 1990-ых выходным у Беларусі быў дзень 2-га лістапада, Дзяды. Але пасля таго, як выходны адмянілі, каталіцкія вернікі ў Беларусі не маюць магчымасці ўшанаваць памяць памерлых. Пры гэтым у праваслаўных ёсць выходны на Радаўніцу.

ДР belsat.eu паводле catholic.by

Стужка навінаў