Каталуння, Вялікая Брытанія, Польшча, Балканы. Мэта Расеі – зламаць Еўропу


Інфармацыйная вайна Расеі супраць Еўразвязу набірае абароты. Пра ўплыў Крамля на каталонскі рэферэндум афіцыйна заяўляе Мадрыд, а брытанская прэм’ер ідзе ў адкрытую канфрантацыю з Масквою. Абʼяднаная Еўропа мае ўсё большую свядомасць уплыву расейскай прапаганды ды прызывае да змагання з маскоўскімі «тролямі» сваіх кібержаўнераў.

Падрабязней – у матэрыяле Вольгі Жарнасек.

Аб’яднаная Еўропа мае ўсё большую свядомасць уплыву расейскае прапаганды і заклікае змагацца з маскоўскімі «тролямі» сваіх кібержаўнераў. Цягам апошняга тыдня адразу некалькі еўрапейскіх лідараў адкрыта заявілі пра ўмяшанне Масквы.

«У мяне ёсць простае пасланне Расеі. Мы ведаем, што вы робіце. І вам не ўдасца дамагчыся поспеху, бо недаацэньваеце трываласці нашае дэмакратыі», – папярэдзілае Тэрыса Мэй.

Прэмʼер Вялікай Брытаніі абвінаваціла Расею ва ўмяшанні ў еўрапейскія выбары, дэзынфармацыі ды прапагандзе, якая пагражае міжнароднаму ладу. А Іспанія заявіла, што мае доказы ўплыву Масквы на каталонскі крызіс.

«У нас ёсць звесткі, што інтэрнэт-трафік перад рэферэндумам ішоў праз сеткі, базаваныя ў прыватнасці ў Расеі», – адзначыў міністр замежных справаў Іспаніі Альфонса Дастыс.

Гаворка пра непраўдзівую інфармацыю пра рэферэндум у Каталунні. Паводле звестак Мадрыду, групоўкі, якія карыстаюцца інтэрнэт-падтрыманнем Масквы, спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўропе.

У адказ на гібрыдныя пагрозы Еўразвяз і NATO ўзмацняюць захады бяспекі. Упершыню пасля завяршэння халоднае вайны Паўночнаатлантычны альянс пастанавіў пашырыць сваю камандавую структуру і пабудаваць новыя штаб-кватэры ў Еўропе.

«Сітуацыю ўскладняе факт, што сёння мы маем дачыненне з новымі платформамі. У час Савецкага Саюзу не было інтэрнэту. Цяпер, напрыклад, можна штосьці ўзламаць. І часта гэта могуць рабіць людзі, звязаныя з урадам – „патрыятычныя хакеры2, як іх назваў пэўны знаны чалавек у Маскве. А пазней атрыманую інфармацыю выкарыстоўваюць у розных дэзынфармацыйных дзеяннях», – заявіў былы дырэктар Інфармацыйнага бюро NATO у Маскве Робэрт Пшчэль.

Пуцінская прапаганда адрозніваецца ад савецкай і сваймі мэтамі. У час халоднае вайны стваралі станоўчы вобраз Савецкага Саюзу ў супрацьвагу «гнілому Захаду». Цяпер прапаганда Крамля зрабілася больш дэструктыўная. Такога меркавання прытрымліваецца Мір’ям Лексман з Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (Вашынгтон):

«У першую чаргу прапаганда сканцэнтраваная не на тым, каб змяніць стаўленне да Расеі на пазітыўнае. Гэта хутчэй спробы пасеяць непакой у ліберальна-дэмакратычных структурах. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца розныя метады і тэхнікі, але галоўная мэта – не абʼяднаць людзей, а разламаць грамадства».

Рэальную пагрозу расейскага ўплыву свет зразумеў пасля анексіі Крыму. У 2015-ым годзе Еўразвяз стварыў групу, якая мае супрацьдзеяць прапагандысцкім кампаніям з Масквы. На гэтым тыдні 8 краінаў Еўразвязу звярнуліся да кіраўніцы еўрапейскае дыпламатыі Фэдэрыкі Маґерыні з тым, каб узмацніць фінансаванне гэтае структуры. У ліку падпісантаў – нашыя суседзі: Літва, Латвія і Польшча. Раней Варшава пастанавіла стварыць адмысловую адзінку для змагання з кібератакамі.

«Мы вызначылі дзве галоўныя мэты. Гэта дэстабілізацыя польскага грамадства. І другая мэта Расеі ў Польшчы – гэта ізаляцыя нашае краіны на міжнародным узроўні», – адзначыла Марта Кавальска з Цэнтру аналізу прапаганды і дэзінфармацыі (Варшава).

Такія мэты эксперты вызначаюць і на Балканах. Сёлета Масква зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць Чарнагорыі ўступіць у NATO. Але ў гэтым кірунку Расея зазнала паразу. У траўні Падгорыца сталася сЯбрам Паўночнаатлантычнага альянсу і неўзабаве можа ўступіць у Еўразвяз. Адкуль паўстала такая ідэя, патлумачыла эксперта ў Заходніх Балканах Марта Шпала:

«Галоўным чынам вядзецца пра тое, каб паставіць пад сумнеў еўрапейскую арыентацыю на Балканах, каб паказаць Еўразвяз як арганізацыю, якая развальваецца, што ніводная балканская краіна не будзе мець карысці ад супрацы з Абʼяднанай Еўропай і што менавіта супраца з Расеяй дае найбольш».

Выглядае, што Масква не збіраецца здавацца ды з кожным годам толькі множыць армію троляў, гатовых сеяць разлад і нянавісць. Апроч анексіі Крыму, ім прыпісваюць і значны ўплыў на выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. Пытанне ў тым, які будзе наступны крок Крамля і ці здолее яго перадухіліць еўрапейскае кібервойска?

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 17 лістапада.

Іншыя тэмы выдання:

  • Тролі свае ці чужыя: Хто ўладарыць мазгамі беларусаў?
  • Украінскі эксперт: «Калі распяты хлопчык зʼявіцца ў Беларусі – беларусы перастануць верыць расейскім медыям»
  • Алесь Лагвінец: «Швецыя рэгулярна ўздымае тэму правоў чалавека ў Беларусі»
  • Ці Макрон зачыніць дзверы перад беларускімі гастарбайтэрамі?
  • Еўропа стварае ўласнае войска. Бацькі праекту – Уладзімір Пуцін і ️Доналд Трамп.
Глядзі таксама
Каментары