Каталіцкія біскупы: Дзева Марыя – Каралева Беларусі


Каталікі ў Беларусі будуць называць Маці Хрыста Каралевай Беларусі ў традыцыйнай малітве – Ларэтанскай літаніі. Рашэнне мае карані з часоў перад паўстаннем 1863 года.

На апошнім пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі было прынята рашэнне дапоўніць тэкст Ларэтанскай Літаніі на беларускай мове заклікам «Каралева Беларусі», паведамляе афіцыйны сайт. Пастанова Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў набыла моц 1 траўня.

Арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч з пілігрымамі на фэсце ў Будславе ў 2017 годзе. Фота catholic.by

Літанія (ва ўсходняй праваслаўнай традыцыі – екценія) – малітва, якая складаецца з кароткіх малебных зваротаў. Ларэтанская літанія склалася ў XV-XVI стагоддзях, яе назоў паходзіць ад італьянскага гораду Ларэта, вядомага месца хрысціянскіх пілігрымак.

Зварот да Дзевы Марыі як да Каралевы Беларусі змешчаны ў тэкст малітвы пасля закліку «Каралева супакою». Папярэдні тэкст літаніі – тут.

Існуе ўсеагульны лацінскі тэкст Ларэтанскай літаніі, з якога яна перакладаецца на іншыя мовы. Аднак мясцовыя канферэнцыі каталіцкіх біскупаў могуць выступаць з ініцыятывамі аб дадаванні да літаніі новых заклікаў пры перакладзе на нацыянальныя мовы. Канчатковае рашэнне прымаецца пасля кансультацый з Ватыканам.

«Рашэнне епіскапату Беларусі з’яўляецца выражэннем пабожнасці мясцовых вернікаў. У першую чаргу гэта датычыць ушанавання абраза Маці Божай Бялыніцкай, каранаванага папскімі каронамі 20 верасня 1761 года», – адзначаецца ў паведамленні catholic.by.

Бялыніцкі абраз Маці Божай у Снове, XVII ст. Крыніца wikipedia.orgУ 1861 годзе, за два гады да Паўстання Кастуся Каліноўскага, у выданне спеўніка «Pieśni nabožnyja» («Песні набожныя») былі ўключаны такія радкі:

Ты Бялыніцкая найчыстша Дзева / Ty Białynicka Najczystsza Dziewa,

Святая Маці сіроцкаго роду / Świataja Maci sirockaho rodu,

Літвы і Русі можна Каралева / Litwy i Rusi možna Karalewa,

Упрасі Сына, каб даў нам Свабоду. / Uprasi Syna, kab dau nam Swabodu.

Пасля паўстання 1863 года касцёл у Бялынічах быў зачынены, а будынак расейскія ўлады перадалі Праваслаўнай Царкве. Лічыцца, што апошні настаяцель храма ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал іконы, якую лічылі цудатворнай і католікі абодвух абрадаў, і праваслаўныя.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў