Каталікі Беларусі праводзяць Дзень перапрашэння за злачынствы савецкага атэізму


Фота realt.onliner.by

Каталіцкія вернікі моляцца за выгнанне злых духаў ад беларускага народу. Касцёл у Беларусі праводзіць Дзень перапрашэння.

У кожнай каталіцкай парафіі краіны 3-га чэрвеня – ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса – пасля імшы служаць адмысловае «Набажэнства перапрашэння» за абразу святыняў, духоўных асоб, за грахі святароў, вернікаў і ўсё зло народу. У гэты дзень біскупы заклікалі ўсіх вернікаў прытрымлівацца посту.

«Набажэнства перапрашэння» паводле каталіцкай духоўнасці – гэта пэўны экзарцызм, выгнанне злых духаў ад усяго беларускага народу. У прыватнасці вернікі моляцца за святыні, пераабсталяваныя пад склады, фабрыкі і заводы, спартыўныя залы, за людзей, якія знішчылі бажніцы, за знявагу святых абразоў, за праклінанне Царквы, за шкоду, нанесеную Царкве пры дапамозе магіі ды акультных практык, за перашкоды ў будаўніцтве святыняў, за атэізм і адыход ад веры і гэтак далей.

Таксама вернікі просяць прабачэння за грахі святароў, у тым ліку за тых, якія падавалі дрэнны прыклад жыцця, упадалі ў спакусы, дрэнна выконвалі свае абавязкі.

Трэцяя частка «Набажэнства перапрашэння» – за грахі саміх вернікаў, у тым ліку за веру ў забабоны і варажбу, за праклёны і шуканне дапамогі ў нячыстай сілы з мэтай нашкодзіць бліжняму, а таксама за разводы, аборты, нянавісць, пыху і эгаізм і гэтак далей.

МЯ, паводле katolik-gomel.by

Глядзі таксама
Каментары