Каталікі Беларусі адзначаюць Дзень Усіх святых


Свята Усіх святых вельмі часта блытаюць з наступным днём ушанавання памерлых, які сярод каталікоў называецца Дзень Задушны або Задушкі.

Разбіраемся, што гэта за святы і пры чым тут старажытныя Дзяды.

Лістапад для каталіцкай часткі насельніцтва Беларусі пачынаецца двума вельмі важнымі днямі, якія разам з восеньскай тугой і апалым лісцем нагадваюць, што нашае зямное жыццё не вечнае. Традыцыйна цягам двух дзён людзі спрабуюць вырвацца з працы, каб прыбраць могілкі, запаліць знічы і памаліцца за душы сваіх памерлых.

Свята Усіх святых

Аднак святочныя дні пачынаюцца не з ушанавання памяці памерлых, а згадкай усіх людзей, якія за сваё дабрадзейнае жыццё і веру ў Бога сталіся святымі і апынуліся ў небе. Адна з першых малітваў да ўсіх святых адбылася яшчэ ў 741-м годзе ў Рыме па загадзе Папы рымскага Грыгорыя ІІІ, аднак афіцыйна для ўсяго каталіцкага касцёла свята было ўсталявана толькі ў 935-м годзе.

Цалкам верагодна, што сама дата 1-га лістапада ўзнікла пад уплывам даўняй традыцыі англасаксаў і франкаў. Ушанаванне памерлых восенню практыкавалі таксама кельты і германцы.

Задушкі

Другі дзень лістапада каталікі клічуць Днём Задушным або Задушкамі. Менавіта ў гэты дзень паўсюды адбываюцца малітвы за памерлых блізкіх, родных і тых, чыя душа не знайшла спакою на тым свеце. Каталікі вераць, што малітвы за памерлых маюць наўпроставае ўздзеянне на далейшы лёс душы чалавека пасля смерці. У гэты дзень у касцёлах адбываюцца ўрачыстыя служэнні і працэсіі на могілкі. Захаваўся таксама звычай «выпамінак», калі перад імшой вычытваюцца імёны і прозвішчы тых, хто адышоў у лепшы свет.

На Дзень Задушны вернікі наведваюць могілкі і традыцыйна запальваюць знічы. Гэтая практыка звязана з дахрысціянскім звычаем распальвання вогнішчаў на магілах і ростанях дарог. Сухое галлё на гэтыя вогнішчы збіраліся цягам году. Людзі верылі, што агмень сагравае душы, якія блукаюць па зямлі і ахоўваць іх перад злымі сіламі.

Асаблівую ролю іграла таксама ноч з 1 на 2 лістапада, паміж святам Усіх святых і Днём Задушным. Лічылася, што ў гэтую ноч душы памерлых, звольненыя з чысцеца, вяртаюцца на зямлю і ажно да золку блукаюць па дарогах, могілках і ўрочышчах, шукаючы дапамогі, малітвы ці ахвяры. Яшчэ ў XIX ст. людзі баяліся ў ноч на Задушкі выходзіць з хаты, наведваць суседзяў або выпраўляцца ў падарожжа. Лічылася, што на дарогах і ростанях палохаюць душы памерлых.

Задушкі збягаюцца звычайна з народнай традыцыяй ушанавання памяці памерлых – Дзядамі.

Дзяды

Адзін з самых старадаўніх славянскіх абрадаў увекавечыў Адам Міцкевіч у паэме Дзяды. Самога абраду сустрэчы і выклікання душ памерлых на могілках з гусляром або казладзеем на чале ў Беларусі ўжо не засталося. Аднак этнографы пагаджаюцца, што звычай памінальнай вячэры на Дзяды адзін з найбольш архаічных і ў вялікай ступені захаваўся менавіта ў Беларусі. У славянскай міфалогіі Дзядамі называюць таксама душы памерлых продкаў.
Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год. Ёсць Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Узвіжаньскія, Пакроўскія, Дзмітраўскія, Восеньскія Дзяды (Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хазтуры) – самыя галоўныя. Адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розны час.

Вераць, што ў гэтыя дні душы памерлых выходзяць з магіл і вяртаюцца ў свае хаціны да нашчадкаў на памінальную вячэру.

Але ўвайсці ў хату могуць толькі чыстыя душы, грэшныя, якія прыходзяць з пекла, могуць толькі зазірнуць у вакно. У гэты дзень мыліся ў лазні, пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Звычайна на Дзяды пакідалі адчыненымі вароты могілак. Адчынялі вокны, дзверы, комін і клікалі продкаў на вячэру. Па мірганні свечак намагаліся вызначыць, колькі душ наведала сям’ю.

Гаспадар наліваў чарку ці кілішак гарэлкі і казаў: «Дай ім Бог, Дзядам і ўсім памерлым у родзе. Бог на тым свеце і царства нябеснае і душачцы лёгенька, а нам дай Бог здаровым пажыць на свеце і за год Дзядоў прыждаць».

Для бесцялесных гасцей гатавалі куццю і іншыя стравы. Падчас ежы стараліся частачкі ежы пакінуць на стале або на адмысловым посудзе. Вельмі важным было ўзгадваць памерлых людзей і якімі яны былі пры жыцці. Лічылася, што калі не спаць усю ноч, то можна ўбачыць Дзядоў. Пабачыць іх маглі толькі бязгрэшныя душы, або тыя, хто павінен быў хутка памерці. На Дзяды забараняліся сексуальныя зносіны, палявая і гаспадарчая праца, асабліва прадзенне, снаванне кросен. У гэты час наведвалі магілы і таксама пакідалі там крыху ежы.

Пасля рытуальнай вячэры і перад тым, як пайсці спаць казалі: «Святыя Дзяды! Вы сюды прыляцелі, пілі, елі. Ляціце ж цяпер да сябе! Скажыце, чаго вам яшчэ трэба, а лепш ляціце на неба. А кыш, а кыш, а кыш!»

Глядзіце таксама:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары