Кастуся Жукоўскага пасля суда над блогерам Філіповічам прыкавалі да дрэва, разбілі камеру, пазбавілі пасведчання кіроўцы і далі штраф


На Кастуся Жукоўскага склалі чатыры пратаколы, пазбавілі пасведчання кіроўцы на год і далі 22 базавых велічыні штрафу пасля суда над блогерам Філіповічам у Гомлі.  

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі Кастуся Жукоўскага па дарозе дадому, прапанавалі ехаць ў пастарунак нібыта з той нагоды, што ён не з’яўляўся па позвах. Кастусь сцвярджае, што ніякіх позваў, ні паведамленняў ад праваахоўнікаў яму не прыходзіла. Паміж ім і прадстаўнікамі ДАІ адбыўся канфлікт, пад’ехаў другі экіпаж ДАІ. Супрацоўнікі прыкавалі Жукоўскага да дрэва, а пасля гвалтам заштурхалі ў аўта. Журналіст крычаў ад болю.

Пасля гвалту яго завезлі ў пастарунак сілай, дзе праз паўгадзіны склалі чатыры пратаколы і адразу вынеслі вырак: пазбаўленне правоў кіроўцы за парушэнне ПДД і штраф за супраціў праваахоўным органам.

«Гэта палітычны пераслед за тое, што ў мяне была інфармацыя, якая ім не падабалася. Яны хочуць пазбавіць мяне магчымасці працаваць і перасоўвацца па Беларусі», – кажа Кастусь Жукоўскі. 

Зараз ён знаходзіцца дома.

«Ягоны аўтамабіль спынілі. Падпалкоўнік міліцыі не прадставіўся. Прыдумаў гісторыю, што нібыта Кастусь не раз парушаў ПДД, але насамрэч яму ніводнай павесткі не прыходзіла. Ён сказаў паехаць у ДАІ для высвятлення абставінаў. Кастусь сказаў, што нікуды не паедзе, а я здымаў. У мяне вырвалі камеру і не давалі здымаць. Магчыма яе пашкодзілі», – распавядае калега Кастуся Андрэй Толчын.

Кастусь Жукоўскі прысутнічаў на судзе па справе блогера Максіма Філіповіча, якога абвінавачваюць у «падмене СМІ».

«Эксперт аблвыканкаму Барысаў указаў, што канал »Гарантый Няма« нельга аднесці да СМІ і рэгістрацыя каналаў ютуб законам не прадугледжаная», – напісаў на Facebook Андрэй Стрыжак.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў