Кастуся Жукоўскага выклікае светлагорская міліцыя... але невядома за што


Гомельскаму фрылансеру даслалі чарговую позву. Гэтым разам дакумент прыйшоў 30 сакавіка. У позве напісана, што ў той самы дзень ён павінен зʼявіцца ва ўчастковага Каўцэвіча для апытання і складання пратаколу паводле артыкулу 22.9 ч. 2 (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

У позве не пазначаецца, за які канкрэтна матэрыял яго хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Позва Кастусю Жукоўскаму

«Машыны часу ў мяне няма. Дзіўныя рэчы адбываюцца ў “нашым каралеўстве”. Супрацоўнікі МУС дасылаюць лісты, ведаючы, што чалавек фізічна не можа паспець па позве. На пошце ў Гомлі ліст быў 30 сакавіка. І выклік на 30 сакавіка ў іншы горад… Нічым непрыкрытая правакацыя і спроба перашкодзіць мне ў канстытуцыйным праве на збор і распаўсюд інфармацыі», – пракаментаваў сітуацыю belsat.eu Кастусь Жукоўскі.

Цягам 2015-2016 гадоў Кастусь Жукоўскі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Ціск на журналіста ўзмацніўся і падчас акцый недармаедаў, якія ён здымаў. Неаднаразова ДАІ сачылі за яго аўтамабілем, блакавалі і без падставаў спраджвалі дакументы.

У 2017 Жукоўскі атрымаў дзве перамогі над мясцовымі чыноўнікамі з пасёлка Акцябрскі і Лоева.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў