Кастуся Жукоўскага пакаралі на 6,3 млн рублёў за сюжэт на «Белсаце»


Журналісту-фрылансеру з Гомля прысудзілі чарговы штраф.

Такое рашэнне 20 студзеня прыняў суд Кармянскага раёну Гомельскай вобласці (суддзя Андрэй Аўсейцаў).

Пра суд Кастусь Жукоўскі разам з калегам Аркадзем Малышам даведаліся з смс-паведамленняў. Як высветлілася, апошняга выклікалі як сведку.

22 снежня 2015 года абодвух незалежных журналістаў затрымлівалі ў райцэнтры Карма супрацоўнікі міліцыі. Журналісты рыхтавалі відэасюжэт пра праблемы з водазабеспячэннем Кармянскага раёну.

Пасля для складання пратакола Кастуся Жукоўскага выклікалі ў Кармянскі РАУС, у той час як Аркадзя Малыша – адразу ў суд.

Жукоўскага звінавацілі ў парушэнні арт.22.9 КаАП («у працы без акрэдытацыі»).

Такім чынам, гэта трэці прысуд незалежным журналістам у гэтым годзе.

14 студзеня Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых (7 млн 350 тыс. рублёў) за парушэнне арт.22.9 КаАП.

13 студзеня паводле таго ж артыкула суд Гомельскага раёну прысудзіў журналістцы Ларысе Шчыраковай штраф у памеры 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў).

НМ, belsat.eu, паводле ГА «БАЖ»

Стужка навінаў