Кастуся Жукоўскага аштрафавалі на 1150 рублёў


Суд Светлагорскага раёну пакараў журналіста штрафам памерам 50 базавых велічыняў за сюжэт пра кітайскі завод, які ніяк не могуць запусціць. Жукоўскага прыцягнулі да адміністраўнай адказнасці за працу без акрэдытацыі.

«Мне прыйшла позва ў суд. Пра пратакол я нічога не чуў, мне нічога не дасылалі, не паведамлялі. У Светлагорску падчас здымак за намі сачылі», – казаў журналіст.

Кастусь Жукоўскі звярнуў увагу, што некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адкрыцці сесіі ПА АБСЭ, заявіў, што ў Беларусі няма праблемаў са свабодай СМІ.

«Ну вось такая ў нас свабода СМІ! Я лічу, што на працягу 23 гадоў сённяшняя ўлада хлусіць. Я не разумею толькі аднаго: як увесь дэмакратычны свет вядзецца на гэтую хлусню?», – кажа Жукоўскі.

Толькі ў сакавіку-красавіку 2017 году Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 96 выпадкаў затрымання журналістаў, 6 з іх пацярпелі ад фізічнага гвалту з боку міліцыі, яшчэ 45 патрапілі пад адміністратыўны пераслед.

Цягам сёлетняй вясны карэспандэнтаў «Белсату» шматразова затрымлівалі, судзілі і каралі буйнымі штрафамі за асвятленне акцый пратэсту. Агульная сума штрафаў складае прыкладна 9 тысяч долараў. Акрамя таго, агулам нашыя журналісты правялі за кратамі больш за месяц.

Усяго ад пачатку 2017 году на Жукоўскага было складзена больш 10 пратаколаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў