Кастусь Жукоўскі: Жывыя, ідзем здымаць пабоі


У каментары «Белсату» журналіст-фрылансер, якога брутальна затрымалі на Гомельшчыне, распавёў, як пачуваецца.

«Жывыя-здаровыя, ідзем з калегам здымаць пабоі. Баліць раменніца, і рукі млеюць. Заяву падалі ў Следчы камітэт на правядзенне праверкі па факту. Тэлефон забраў. З нас знялі кайданкі, і мянты звалілі ў свае кабінеты. Быў участковы, які казаў «складаем пратакол», але ніякіх пратаколаў не складалі, папераў не далі. Трымалі прыкладна 6 гадзін. Камера працуе, запісы аддалі, але сабе скінулі відэа».

Кастусь Жукоўскі разам з аператарам Аляксеем Атрошчанкавым здымалі рэпартаж пра стан эканомікі ў беларускіх рэгіёнах, у прыватнасці здымалі будынкі мясцовага цагельнага завода. Іх працу раптам перарвалі супрацоўнікі ДАІ, пазней пад’ехалі мясцовыя міліцыянты і брутальна затрымалі карэспандэнтаў.

Пазней Жукоўскі распавёў, што яго павалілі на падлогу, на галаву станавіліся каленам, давілі ў плітку, ламалі рукі, душылі, пасля дасталі кайданкі, прыціснулі так, што выклікалі хуткую – у яго быў павышаны ціск.

Гомельскага журналіста сёлета ўжо 7 разоў судзілі за працу без акрэдытацыі. Агульная сума штрафаў журналістам у Беларусі па гэткіх абвінавачаннях у гэтым годзе складае ўжо больш за 70 мільёнаў рублёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў