Кастусь Жукоўскі: «Я не паеду ў міліцыю на Дзень Волі»


24 сакавіка журналіста-фрылансера выклікалі ў Светлагорскі РАУС на «размову».

«Заўтра свята – Дзень Волі. Я нікуды не паеду. Усе ведаюць, як у нас усё робіцца. У нас бандыты ва ўладзе. Аляксандр Рыгоравіч парушае Канстытуцыю. Міліцыя – гэта такія ж бандыты. Навошта мне ехаць да бандытаў. А таму, хто вам сказаў мне патэлефанаваць так і перадайце, што я лічу вас бандытамі. Дзякуй, што патэлефанавалі, бо асабіста супраць вас я нічога не маю. Я ж разумею, што вам трэба дзяцей карміць», – сказаў журналіст з Гомля ў размове з працаўніком Светлагорскага РАУС.

Нагадаем, што 24 сакавіка Кастуся Жукоўскага затрымалі падчас правядзення вулічнага апытання ў Рэчыцы. «Каля Дому быту размешчана, прычым ужо даўно, выказванне Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Я прасіў мясцовых жыхароў выказаць іх меркаванне: ці згодныя яны з гэтымі словамі. Але прыйшла міліцыя і без тлумачэння прапанавала мне прайсці ў РАУС», – распавёў жукоўскі belapan.by Жукоўскі.

Кастуся Жукоўскага ўжо некалькі разоў асудзілі паводле артыкула 22.9 КаАП за нібыта «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Сума штрафаў, якую журналіст мае выплаціць дзяржаве за выкананне сваёй працы дасягнула амаль Br 78 млн.

Апошні раз міліцыянты склалі на Кастуся Жукоўскага пратакол на падставе сюжэту «Мазыр: спіртзавод банкрутуе», які «Белсат» паказаў 9 лютага.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары