Касманаўт МКС Алег Навіцкі завёў на арбіце Instagram

photo

Толькі што Тома ды Шэйн завяршылі выхад у адкрыты космас. Фота з Instagram Алега Навіцкага

Нарадзінец Беларусі Алег Навіцкі зʼяўляецца чальцом экіпажу Міжнароднай касмічнай станцыі. На сваёй старонцы ў Instagram Алег Навіцкі паабяцаў, што будзе дасылаць фота і відэа проста з арбіты!

Дарагія сябры, дзякуй за ўвагу да маёй старонкі! Буду і далей імкнуцца па меры магчымасці радаваць вас сваймі фатаграфіямі і відэа!

Рассвет на орбите…

Фото опубликовано Oleg Novitskiy (@novitskiy_iss)

На першых фотаздымках, якія з’явіліся ў фотаблоге – працоўныя моманты, сумесныя вячэры экіпажу на МКС, святкаванне старога Новага года ды сеанс сувязі з сям’ёй. Дарэчы, у Алега двое дзяцей.

Вот так я в течение всей экспедиции по выходным общаюсь со своей семьёй.

Фото опубликовано Oleg Novitskiy (@novitskiy_iss)


На Instagram касманаўта ўжо падпісаліся амаль 8 тыс. асобаў. Навіцкі апублікаваў 10 пастоў.

На МКС інтэрнэт зʼявіўся ў 2010 годзе, аднак некалькі гадоў ён быў вельмі павольным. Цяпер максімальная хуткасць Інтэрнэту на МКС пры дапамозе асобнага вылучанага камунікацыйнага спадарожніка NASA можа даходзіць да 300 Мбіт / сек.

Што ёсць МКС?

Міжнародная касмічная станцыя зʼяўляецца заселеным арбітальным спадарожнікам, які знаходзіцца на вышыні 354 кіламетры над Зямлёй і ажыццяўляе поўны абарот вакол планеты кожныя 90 хвілінаў. У выніку гэтага экіпаж МКС кожны дзень становіцца сведкам 16 заходаў і узыходаў Сонца.

Распарадак дня на МКС

7:00 раніцы – падʼём
07:10 раніцы – канферэнцыя
07:30 – 8:00 – сняданак і падрыхтоўка да працы
8:00 – 12:00 – правядзенне эксперыментаў, якія былі запланаваны (налада, выкананне, завяршэнне эксперыментаў)
12:00 – 12:30 – абед
12:30 – 18.00 – правядзенне эксперыментаў (выкананне, завяршэнне эксперыментаў)
18:00 – 19:30 – вячэра, прагляд запісаных і адпраўленых днём раней навінаў з Зямлі
19:30 – 00:00 – уборка і азнаямленне з планам работ на наступны дзень; час, калі можна пагутарыць з роднымі на Зямлі.
Кожныя 5-6 дзён на тыдзень касманаўты праводзяць двухгадзінныя заняткі фізічнымі нагрузкамі (мінімум 30 хвілінаў на бегавой дарожцы і каля 70 хвілінаў сілавых практыкаванняў)
Па пятніцах касманаўты і астранаўты працуюць над сваймі асабістымі праектамі і ўсе разам глядзяць кіно.

Алег Віктаравіч Навіцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 г. у горадзе Чэрвені Менскай вобласці. У 1988 г. скончыў сярэднюю школу № 2 Чэрвеня і паступіў у Барысаглебскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Чкалава, затым працягнуў навучанне ў Ейскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў імя Камарова. У 1994 годзе скончыў Качынскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Мяснікова па спецыяльнасці «Камандная тактычная знішчальная авіяцыя».

Першы касмічны палёт Навіцкі выканаў з 23 кастрычніка 2012 года па 16 сакавіка 2013 года ў складзе экіпажа МКС-33/34 у якасці камандзіра карабля «Саюз ТМА-06М» і бортінжынера МКС-33/34.

ВД, паводле Instagram

Глядзі таксама
Каментары