Карысць і небяспека для Беларусі ад заходніх санкцыяў супраць Расеі


Беларусь атрымала заўважныя эканамічныя выгады ад таго, што краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расеі, што ў адказ выклікала адмову Масквы набываць прадукты сельскай гаспадаркі з гэтых краінаў, паведаміла прыватная аналітычная кампанія «Stratfor».

У той жа час краінам, якія шчыльна звязаныя з Расеяй эканамічна, пагражае і крызіс расейскай эканомікі, які выкліканы эканамічнай палітыкай Масквы, празмерна залежнай ад коштаў на нафту. «Stratfor» (Strategic Forecasting, Inc.) спецыялізуецца на прагнозах і ацэнках стратэгічнай сітуацыі ў свеце і асобных рэгіёнах, набірае на працу былых супрацоўнікаў выведкі і экспертаў, за плату прапаноўваючы свае інфармацыйна-аналітычныя прадукты дзяржаўным і недзяржаўным арганізацыям.

У двух аналітычных артыкулах, якія былі апублікаваныя на працягу жніўня, «Stratfor» адзначыў як рызыкі, гэтак і плюсы, якія атрымалі краіны постсавецкай прасторы ад эканамічнай вайны паміж Захадам і Масквой. «Дзве краіны, якія могуць быць асабліва закранутыя, гэта Беларусь і Казахстан. Абедзве шчыльна інтэграваныя ў расейскую эканоміку праз Мытны саюз і, з 2015 года, Еўразійскі саюз», – гаворыцца ў аналізе.

У прыватнасці, Беларусь мае ў Расеі свой самы буйны экспартны рынак, які складае 45 % ад агульнага беларускага экспарту, ці $ 16,7 мільярдаў у 2013 годзе. Дадаткова беларуская эканоміка цалкам залежыць ад паставак расейскай нафты і газу, а беларускі дзяржаўны бюджэт таксама ад фінансавай падтрымкі РФ у выглядзе крэдытаў.

У выніку Міжнародны валютны фонд лічыць, што менавіта Беларусь больш за ўсё рызыкуе з-за аслаблення расейскай эканомікі. Звужэнне расейскага рынку і замаруджванне эканамічнага развіцця РФ прыводзіць да зніжэння продажаў беларускіх прамысловых і спажывецкіх тавараў у Расеі. Пры гэтым Беларусі не так лёгка пераключыцца са слабога расейскага рынка на іншыя. Менск сам ізаляваны ад Захаду.

«З іншага боку, аднак, Беларусь можа атрымаць выгаду ад расейскай эканамічнай ізаляцыі. Напрыклад, Расея можа імпартаваць больш беларускіх прадуктаў малочнай прамысловасці пасля таго, як Масква забараніла імпарт з ЗША, Еўрапейскага Звязу і праеўрапейскіх краінаў, такіх, як Украіна і Малдова», – адзначае «Stratfor».

[vc_single_image image=”368386″ img_size=”large”]

Кампанія адзначае, што заходнія санкцыі значна больш пашкодзілі Расеі, чым расейскія контрсанкцыі – Захаду.

«У той час, калі санкцыі ЗША і ЕЗ нанеслі шкоду эканоміцы РФ, што прывядзе, як чакаецца, да буйной рэцэсіі ў 2015 годзе, расейскія контрсанкцыі не мелі такога эфекту на Захадзе… Больш за ўсіх (сярод заходніх краінаў) у абсалютных лічбах страцілі ад расейскіх санкцыяў Нямеччына, Нарвегія, Польшча, Літва і Данія. Аднак для ўсіх іх, акрамя Літвы, страчаны экспартны аб’ём не перавышаў 1 адсотка ад агульнага іх экспарту», – напісана ў аналізе «Чаму расейская забарона імпарту ў цэлым правалілася».

Больш за тое, Еўрапейскі звяз павялічыў экспарт у Беларусь і Казахстан, што дазволіла гэтым краінам, захаваўшы забяспечанасць унутранага рынку, павялічыць імпарт у Расею. Такім чынам у мінулым годзе, у параўнанні з 2013 годам, Беларусь павялічыла экспарт морапрадуктаў у РФ на 44 %, гародніны – на 60 %, садавіны і арэхаў – на 44 %.

Аднак гэтыя набыткі могуць быць кароткатэрміновымі і хаваць у сабе будучую слабасць, калі беларуская эканоміка толькі павялічыць сваю эканамічную залежнасць ад Масквы, якая слабее, а не выкарыстае ўсе шанцы для пошуку новых рынкаў і рэформаў эканомікі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў