Карыбскія выспы і Флорыда рыхтуюцца да Армагедону. «Ураган стагоддзя» ідзе з Атлантыкі


Ураган Ірма са спадарожніку Météo France

Ураган найвышэйшай інтэнсіўнасці рухаецца з Атлантычнага акіяну да берагоў Карыбскіх выспаў і да выходных можа дасягнуць штата Флорыда. Фіялетавы ўзровень небяспекі абʼяўлены, жыхарам забаронена выходзіць са сховішчаў. Да 12 гадзінаў дня па еўрапейскім часе чакаюцца максімальна моцныя парывы ветру, павышэнне ўзроўню мора і залевы.

Ураган з іменем Ірма ўжо атрымаў статус аднаго з наймагутнейшых за цэлае стагоддзе. Зараз Ірма рушыць праз атлантычны акіян і ўдзень у сераду дасягне першых жылых мясцовасцяў – паўночных Карыбскіх выспаў. Пасля Ірма, хутчэй за ўсё, змесціцца да берагоў Флорыды.

Пакуль жа на некалькіх выспах у Карыбскім моры жыхары сядзяць у сховішчах ужо шмат гадзінаў. Учора мясцовыя рыхтаваліся да наступстваў прыроднай стыхіі: закупілі ваду і ежу, запалкі і ліхтары, перанеслі ў сховішчы, умацоўвалі будынкі. Фіялетавы ўзровень небяспекі быў абʼяўлены вечарам у аўторак, выходзіць на вуліцу забаронена нават ратавальнікам.

Па тэме: Як выглядае цыклон Ірма з космасу. Відэа NASA

«Ірма – ураган магутнасцю 5 з 5 па шкале інтэнсіўнасці ўраганаў, – паведамляе звестка інстытуту Météo France. – беспрэцэдэнтная інтэнсіўнасць для Атлантыкі». Ірма магутней урагану Гарві, што нядаўна абрынуўся на штат Тэхас і пакінуў за сабой 42 загінулых і больш за 100 млрд матэрыяльных стратаў.

Ураган рухаецца з хуткасцю 24 км/г з парывамі ветру больш за 55 м/сек, часам да 100 м/с. Пік урагану дасягне населеных выспаў прыкладна з 6 раніцы да 12 дня па мясцовым часе (ад 12 да 18 гадзінаў па еўрапейскім часе). Вецер хутка змяняе напрамак з паўночнага на заходні і паўднёвы, што моцна падвышае яго разбуральнасць. Чакаецца падвышэнне ўзроўню акіяну, хвалі могуць дасягаць 12 метраў, для маленькіх выспаў – гэта катастрафічная сіла.

У сацыяльных сетках выказваюць салідарнасць і падтрымку жыхарам, якія сустрэнуцца з ураганам.

Захад сонца на выспе Сент-Бартэлемі напярэдадні ўрагану Ірма.

Мясцовыя жыхары распавядаюць на сувязі з французскім тэлебачаннем, што ім не надта страшна, бо яны сядзяць у сховішчах, а таксама былі папярэджаныя і падрыхтаваныя. Панікі няма. Самае страшнае для іх наступства – гэта затапленне, бо ўжо цяпер мора паднялося на 3-4 метры і вялікая частка сушы пад вадою. Яны чакаюць, што ў бліжэйшыя дні пасля ўрагану застануцца без электрычнасці і спадзяюцца, што іх дамы выстаяць падчас стыхіі.

Папулярныя турыстычныя месцы неверагоднай прыгажосці, выспы Барбуда, АнцігуаСент-Бартэлемі і Сент-Марцін у найгоршай сітуацыі. Агулам там пражывае каля 100 тысячаў чалавек. Каля 11 тысячаў чалавек пакінулі выспы пасля папярэджання метэаралагічных службаў, калі гэта было магчыма.

На найпапулярнейшым курорце Сент-Марцін аб’яўлены фіялетавы ўзровень небяспекі. Людзі сядзяць у сховішчах, забаронена выходзіць на вуліцу нават ратавальнікам.

Небяспека аб’яўленая таксама на Гаіці, у Гвадэлупе, Пуэрта-Рыка, на Кубе, у Дамініканскай рэспубліцы і іншых мясцовасцях Карыбскага басейну.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары