Карупцыянераў пазбавілі пенсіі


Паводле новага закону аб барацьбе з карупцыяй, чыноўнікі-карупцыянеры не атрымаюць пенсiяў за выслугу гадоў: ім будзе выплачвацца толькі пенсія паводле ўзросту.

Сёння набыў моц новы закон аб барацьбе з карупцыяй. У Генеральнай пракуратуры Беларусі падкрэслілі, што ён будзе граць на апярэджанне.

«Асноўная скіраванасць закона – прафілактыка карупцыі. Сэнс новых нарматыўных палажэнняў – у тым, каб папярэдзіць правапарушэнні, зліквідаваць прабелы ў нарматворчасці, якія б уплывалі і спрыялі здзяйсненню такіх злачынстваў, як, напрыклад, крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам і хабарніцтва ўва ўсіх яго формах, асабліва ў сферы дзяржаўнага кіравання і эканомікі», – адзначыў прэс-сакратар Генпракуратуры Пётр Кісялёў.

У прыватнасці, новы закон аб барацьбе з карупцыяй забараняе прызначаць карупцыянераў на кіроўныя пасады, а таксама прымаць на дзяржаўную службу асобаў, якія ўчынілі раней цяжкае або асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або звязанае з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў.

Палажэнні дакументу прадугледжваюць пазбаўленне службовых асобаў-карупцыянераў пенсiяў за выслугу гадоў: ім будзе выплачвацца толькі пенсія паводле ўзросту. Акрамя таго, у чыноўнікаў будуць адбіраць маёмасць, кошт якой на 25 % і больш перавышае іхны законны прыбытак. Разам з тым асобныя нормы ў дакуменце змякчаюць дзейнае заканадаўства. Да прыкладу, выключаецца адказнасць за нязначныя недакладнасці пры дэклараванні прыбыткаў і маёмасці (недакладнасці ў даце набыцця маёмасці, нязначныя хібы ў вызначэнні плошчы ўчастку або кошту дому).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе пад лозунгам барацбы з карупцыяй. У апошнім рэйтынгу карупцыі «Transparency International» Беларусь заняла 119 месца.

На першым — Данія.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары