Карупцыйная вертыкаль


Больш за 20 гадоў Аляксандр Лукашэнка вядзе паказальную барацьбу з карупцыяй. Але так і не можа даць рады чыноўнікам-карупцыцянерам у рэгіёнах, якіх сам жа і прызначае на пасады кіраўнікоў мясцовых выканкамаў. Раённы Рагачоў у гэтым пытанні пайшоў на рэкорд – адразу два старшыні мясцовага райвыканкама запар апынуліся за кратамі.

21 год таму малады і амбітны палітык Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады з абяцаннем пакласці канец разгулу карупцыі ў краіне. Але адразу пасля абрання перадусім разабраўся з кволым мясцовым самакіраваннем. З восені 1994 года ўсіх кіраўнікоў выканкамаў прызначае сам Лукашэнка.

А яны ў сваю чаргу часта трапляюць у цэнтр карупцыйных скандалаў. Некаторыя гарады нават пайшлі на рэкорд. Гэтак, у Рагачове другі запар кіраўнік райвыканкаму трапіў за краты.

Сяргея Якаўлева, які ўзначальваў Рагачоўскі райвыканкам апошнія два гады, арыштавалі ў пачатку гэтага месяца.

«З 2010 да 2013 года, перабываючы на пасадзе першага намесніка старшыні райвыканкаму, начальніка аддзелу сельскай гаспадаркі ды харчавання Рагачоўскага райвыканкаму наўмысна і насуперак інтарэсам службы ў мэтах мінімізацыі выдаткаў пры будаўніцтве асабістага домаўладання даваў указанні кіраўнікам прадпрыемстваў перадачы яму паводле заніжаных цэнаў матэрыяльных каштоўнасцяў», – паведаміў Сяргей Кабаковіч, кіраўнік аддзелу інфармацыі Следчага камітэту.

Журналіст Дзяніс Дашкевіч, які рэдагуе мясцовы сайт, кажа, што арышт Сяргея Якаўлева можа быць звязаны як з паказальнаю барацьбой з карупцыяй напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў, гэтак і з наяўнасцю глыбокіх карупцыйных схемаў на абласным узроўні.

«Да яго горадам кіраваў Віктар Банчук, які пазней стаў намеснікам Дворніка – кіраўніка абласной адміністрацыі. І да нас даходзіла інфармацыя, што ён таксама пайшоў на супрацу са следствам і такім чынам здае ўсіх сваіх падначаленых. І Сяргей Якаўлеў на той момант акурат быў ягоным падначаленым», – кажа журналіст Дзяніс Дашкевіч.

Мясцовых жыхароў карупцыйныя жарсці ўжо не здзіўляюць, як і тое, што карупцыянеры пасля гучных заяваў так і не трапляюць за краты. Дарэчы, апошняе датычыцца самога Сяргея Якаўлева. Пасля гучнага паказальнага затрымання яго ціха перавялі пад хатні арышт.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў