«Карціна забойства Шарамета стала яшчэ больш заблытаная»


Супольнае журналісцкае расследаванне праекту Громадского «Слідство.Інфо» і OCCRP, прысвечанае забойству Паўла Шарамета, было не адназначна ўспрынятае ва Украіне: яно выклікала больш пытанняў, чым адказаў. Аднак эксперты ўпэўненыя, што новыя факты ў любым выпадку падштурхнуць афіцыйнае расследаванне рэзананснага злачынства.

Аўтары фільма адзначаюць, што паліцыя хавае факт сачэння за Шараметам. Паводле журналістаў, у ноч перад забойствам каля дому Шарамета быў заўважаны былы ці дзейны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. Менавіта ўначы пад машыну журналіста падклалі выбуховае прыстасаванне.

Служба бяспекі Украіны ў сваю чаргу паведаміла, што заўважаны ў ноч перад забойствам Шарамета Ігар Усціменка быў звольнены з СБУ яшчэ ў красавіку 2014 года.

Аўтары расследавання пры гэтым не робяць канчатковых высноў і не абвінавачваюць наўпрост сілавікоў у датычнасці да забойства Шарамета, але працу праваахоўных органаў Украіны ў любым выпадку ацэньваюць крытычна. Гэта меркаванне шмат хто ва Украіне падзяляе.

«Я не ведаю, ці датычныя сілавікі да забойства Паўла Шарамета наўпрост, але адно для мяне відавочна напэўна: расследаванне адкрыта правалена. Наўмысна ці, па дурасці ці, па іншых прычынах – на гэтыя пытанні яшчэ трэба будзе адказаць. Але што правалена – факт. І за гэта павінны адказаць. Ад выканаўцаў, да тых, хто кантраляваў», – каментуе расследаванне на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вядомая ўкраінская журналістка, шэф-рэдактар Lb.ua Соня Кошкіна.

Кіеўскі палітолаг Вадзім Карасёў мяркуе, што публікацыя журналісцкага расследавання не прывядзе да адставак сярод кіраўніцтва ўкраінскіх праваахоўных органаў.

«Карціна забойства Шарамета стала яшчэ больш заблытанай. Не да канца зразумела з гэтым супрацоўнікам СБУ (ці то дзейным, ці то былым), які нібыта ажыццяўляў вонкавае назіранне за Паўлам Шараметам. СБУ афіцыйна адмежавалася ад яго, заявіўшы, што ён быў звольнены яшчэ ў 2014 годзе. Калі гэта праўда, то СБУ, як установа, не мае дачынення да назірання за Шараметам. Таму няма падставаў ні юрыдычных, ні палітычных для адставак высокапастаўленых сілавікоў, тым больш, што Парашэнка на гэта цяпер усе роўна не пойдзе – гэта б цалкам дэстабілізавала сілавую вертыкаль ва Ўкраіне, якая і так знаходзіцца ў стане вайны», – заявіў эксперт у інтэрвʼю «Белсату».

Між тым Карасёў не выключае, што СБУ сапраўды магло сачыць за Шараметам:

«Не гледзячы на тое, што ва Ўкраіне вітаюць апазіцыйных журналістаў з Расеі, даюць ім нават грамадзянства і працу, спецслужбы напэўна праводзяць сакрэтную аператыўную праверку – ці няма там нейкіх слядоў расейскіх спецслужб. Таму нават калі Усціменка быў дзейным супрацоўнікам СБУ, то гэта яшчэ нічога не даказвае. Я не выключаю, што і за іншымі журналістамі пры пэўных абставінах праводзіцца такое аператыўнае назіранне ў мэтах бяспекі».

Карасёў упэўнены, што журналісцкае расследаванне ў любым выпадку будзе мець станоўчае значэнне:

«Гэта прымусіць праваахоўныя органы больш дасканала і інтэнсіўна займацца расследаваннем забойства Паўла Шарамета, даваць больш інфармацыі грамадству. Прайшло ўжо шмат часу, хутка год будзе, а такое ўражанне, што следства так і не прасунулася ў расследаванні гэтага злачынства».

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня ў цэнтры Кіева.

Паводле ўкраінскага палітолага Уладзіміра Фясенкі, з журналісцкага расследавання не стала больш зразумела, хто можа стаяць за забойствам Шарамета.

«Пытанняў стала больш чым, чым адказаў. Так, зʼявілася новая інфармацыя. Але гэта інфармацыя магла быць і ў следства, і зусім неабавязкова яе не агалошвалі, бо хацелі схаваць – усё ж ёсць такое паняцце, як таямніца следства. Абʼяўлена імя чалавека, які сачыў, але СБУ ўжо дало тлумачэнне, што гаворка ідзе пра чалавека, які быў звольнены з СБУ яшчэ ў 2014 годзе. Таму казаць, што сачыла менавіта СБУ, на мой погляд, падставаў няма. Трэба зразумець, ці ведала паліцыя, якая вядзе расследаванне, пра гэтага чалавека? Але нельга сказаць, што ўчора было абвешчана нешта такое, што магло б прывесці да адставак высокапастаўленых сілавікоў. Падстаў для палітычных наступстваў пакуль няма», – заявіў палітолаг у інтэрвʼю «Белсату».

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Пры гэтым сам аўтамабіль належыў Алене Прытуле – уладальніцы інтэрнэт-выдання «Украінская праўда». Украінская паліцыя дагэтуль не змагла ўстанавіць асобы злачынцаў, якія забілі журналіста.

Праваахоўныя органы Украіны лічаць, што Шарамета забілі за яго прафесійную дзейнасць. Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў заяўляў, што да гібелі журналіста могуць быць датычныя расейскія спецслужбы. У сваю чаргу ў Маскве назвалі гэтую версію «русафобіяй». Па іншай версіі да забойства Шарамета могуць быць датычныя байцы добраахвотніцкага палка «Азоў».

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў