Каровам на ферме падключылі лепшую ваду, чымся людзям

Фота

Спадарыня Лілія паказвае ванну, якую мыла ўчора. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Жыхары аграгарадка Капцёўка ў Гарадзенскім раёне цягам двух месяцаў вымушаныя піць іржавую і смярдзючую ваду.

Як распавядаюць жыхары Капцёўкі, ужо два месяца з кранаў цячэ іржавая, масляністая і смярдзючая вада.

Пасля таго, як сапсавалася помпа ў воданапорнай вежы, парамантаваць якую не было грошай, людзям падключылі іншую воданапорную вежу. Шмат гадоў яна стаяла закансерваваная. За час невыкарыстання, у вежы, відаць, з’явілася іржа, якая сёння і трапляе ў краны жыхароў.

Спадарыня Лілія паказвае ванну, якую мыла ўчора. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Каровам на мясцовай ферме пры гэтым падключылі добрую ваду з іншай воданапорнай вежы, што моцна пакрыўдзіла жыхароў аграгарадка.

Некаторыя набываюць ваду ў краме

«Вось, гляньце! Толькі ўчора ванную пачысціла і ўжо якая рудая. Усе кубкі брудныя. Мала таго, вада такая тлустая. Калі напускаеш, яна проста смярдзіць. Калі такая вада пайшла, я адразу не падумала і кампоты паставіла з вішань. Не ведаю, што будзе, але пакуль банкі стаяць. Але як іх потым піць? Ваду ў кубак нальеш, нават да рота не падняўшы, смурод ідзе. Гарбату ці суп зварыць, – прыходзіцца ўсё з калодзежа браць. Добра, што ў нас суседзі ёсць з калодзежам, а некаторыя мусяць купляць ваду ў краме», – кажа Лілія Эдвардаўна, жыхарка Капцёўкі.

З кранаў у аграгарадку Капцёўка ўжо два месяцы цячэ іржавая і тлустая вада. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавядае жанчына, разам з мужам іх ратуюць суседзі, якія дазваляюць браць ваду ў калодзежы. Аднак у Капцёўцы жыве каля тысячы чалавек, а калодзежаў, толькі некалькі.

Спадар Стаслаў некалькі разоў на дзень вымушаны хадзіць па ваду да суседзяў, у якіх ёсць калодзеж. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Удзень больш за 20 чалавек прыходзіць. Гэтая ўся вуліца і тая яшчэ», – паказвае рукой уладальніца калодзежа.

«Муж за сёння ўжо два разы хадзіў па ваду. То мы яшчэ на пенсіі. А нашыя суседзі? У іх дзеткі малыя, дык казалі, што пачало высыпаць», – кажа спадарыня Лілія.

Мокрая кропка

З кранаў у аграгарадку Капцёўка ўжо два месяцы цячэ іржавая і тлустая вада. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Біць трывогу ў аграгарадку пачаў былы галоўны эканаміст мясцовага калгасу, які сёння на пенсіі. Спадар Віктар доўгі час дабіваўся правядзення экспертызы ад Гарадзенскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.

«Сто разоў ім званіў, пакуль вынікі аналізу аддалі. Аказалася, што ў восем разоў перавышае ўзровень жалеза. А мутнасць, дык увогуле. Ванну нальеш, ступняў ног не відаць. Такая рыжая і брудная», – кажа спадар Віктар.

Экспертыза выявіла, што колькасць жалеза ў вадзе перавышае норму ў 8 разоў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праз адсутнасць добрай вады пакутуе ўся Капцёўка, у якой ёсць школа і дзіцячы садок. Як скардзяцца мясцовыя працаўнікі, дзеці адмаўляюцца піць і есці з посуду, памытага іржавай вадой.

Каровам, у адрознні ад людзей, іржавую ваду пускаць пабаяліся. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Два дні таму мясцовыя жыхары сустракаліся з прадстаўнікамі Гарадзенскага аблвыканкаму, якія паабяцалі вырашыць справу, як мага хутчэй і парамантаваць помпу.

«Але ці зрушыцца гэтая справа з мёртвай кропкі, не ведаем», – кажа жыхарка Капцёўкі.

«Мёртвая? Гэта мокрая кропка!», – удакладняе жартам спадар Станіслаў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары