Карлэс Пучдэмон не збіраецца прасіць прытулку


Карлэс Пучдэмон падчас прэсавай канферэнцыі. 31 кастрычніка 2017 года. Брусель, Бельгія. Фота – Eric Vidal/Reuters

Палітык заяўляе, што прычына ўцёкаў – пагроза турэмнага зняволення.

31 кастрычніка на сустрэчы з прэсай у Бруселі Карлэс Пучдэмон пацвердзіў, што ён і яшчэ пяць чальцоў каталонскага ўраду ўцяклі з Іспанскага Каралеўства ў панядзелак – пасля таго, як стала вядома, што на іх заведзеныя крымінальныя справы, а яму самому пагражае 30 гадоў зняволення.

Паводле прадстаўнікоў каталонскага ўраду, яны даехалі аўтам да Марселя, пасля чаго паляцелі ў Брусель. Пучдэмон падкрэсліў, што прыехаў у Брусель, бо гэта сталіца Еўразвязу.

Падчас размовы з прэсай Пучдэмон сказаў, што ведае пра сваё права на прытулак, але не збіраецца яго прасіць.

«Як грамадзянін Еўразвязу я рухаюся куды хачу», – заявіў Пучдэмон.

Беглы палітык заявіў, што вернецца на радзіму толькі калі іспанскія ўлады спыняць крымінальную справу супраць яго.

Адна з палітыкаў сказала, што магла б вярнуцца дамоў пры ўмове гарантыі справядлівага суду. Аднак у такі працэс палітык не верыць.

Пучдэмон дадаў, што ўрад Каталоніі не спыняе сваю працу і працягвае функцыянаваць на адлегласці.

Калі б Пучдэмон нават хацеў папрасіць прытулак, Бельгія наўрад ці яго б дала: паводле закону, уцекач павінен папрасіць прытулку ў першай краіне. Такім чынам, Пучдэмона выслалі б у Францыю.

27 кастрычніка Каталонія абвясціла незалежнасць ад Іспаніі па выніках рэферэндуму, які адбыўся ў пачатку кастрычніка. У адказ Мадрыд абвясціў аб увядзенні ў рэгіёне прамога кіравання.

Пра тое, што Карлес Пучдемон з’ехаў у Бельгію, стала вядома вечарам 30 кастрычніка. Гэта адбылося пасля таго, як генеральны пракурор Іспаніі абвінаваціў Пучдэмона і яшчэ 19 чальцоў ураду Каталоніі ў мяцяжы.

Уцёкі Пучдэмона спрыяюць Мадрыду.

«Для нас найгоршай была б сітуацыя, калі Пучдэмон забарыкадаваўся ў палацы Жэнералітэту», – заявілі журналістам «La Vanguardia» крыніцы ў іспанскім урадзе.

ДД; супраца Алесь Сіліч

Глядзі таксама
Каментары