Караткевіч верхам на зубры і Скарына за прынтарам. Як беларускія класікі перайшлі ў нататнікі


Кніжка ў падарунак з аўтографам беларускага аўтара збірае ў дзесяць разоў менш рэпостаў, чым розыгрыш флэшкі. Каб паказаць, што беларуская класіка таксама можа быць сучаснай, кампанія «Чытаем беларускую» робіць нататнікі з цытатамі вядомых беларусаў.

«Літаратура – гэта фармат, які вымушае да актыўнасці. Калі фільм ці музыку можна спажываць пасіўна, то ў выпадку чытання трэба прыкладаць намаганні, не кажучы пра тое, што пры гэтым адбываецца мысленне», – кажа Кірыл Стаселька, удзельнік кампаніі «Чытаем беларускую» і аўтар ідэі нататнікаў.

Матыватарамі да мыслення былі абраныя шэсць беларускіх аўтараў: Францыск Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў. Гістарычныя постаці, але ў новым фармаце. Францыск Скарына на вокладцы сядзіць за прынтарам замест традыцыйнага на выявах першадрукара друкарскага станка.

«Друкарскі станок – вельмі складаная праца. Калі б Скарына дажыў да нашых часоў, то яго б шчасце было б у тым, каб мець прынтар, які значна спрашчае працу», – кажа Кірыл Стаселька.

Аўтары праекту ўжо зрабілі першы пробны наклад, каб упэўніцца ў якасці і зручнасці нататнікаў. Плануецца, што на платформе talaka.by замовяць каля 100 асобнікаў. Дзеля свабоднага продажу аўтары выпускаць іх пакуль не плануюць.

Кампанія «Чытаем беларускую» узнікла ў мінулым годзе, у межах праекту Infografer.by. Удзельнікі кампаніі папулярызуюць беларускую літаратуру праз розныя фарматы ў сацыяльных сетках, розыгрышы кніг, лекцыі і майстар-класы.

«Усё менш часу застаецца, каб зацікавіць моладзь беларускай літаратурай. Новыя інфармацыйныя, рынкавыя трэнды выцясняюць чытанне. Калі мы разыгрывалі флэшку, было больш за 100 рэпостаў. Зараз мы разыгрываем кнігу, і там толькі каля 16 рэпостаў. Некаторыя з тых, хто раней у нас выйграў кніжку, казалі, што гэта першая беларуская кніга, якую яны прачыталі пасля школы», – кажа Кірыл Стаселька.

Для нататнікаў спецыяльна абралі самых вядомых беларускіх аўтараў, імёны якіх пазнаюць усе, у тым ліку школьнікі

«Нашая ідэя ў тым, каб падштурхнуць не супраць чагосьці, а дзеля творчасці і запісу сваіх ідэяў. Калі школьнік пабачыць такі нататнік у руках у нейкага лідара моладзевай думкі, то, магчыма, зацікавіцца, ці аўтарам, ці нечым, што звязана з беларускасьцю», – кажа Кірыл Стаселька.

ВЧ, belsat.eu

 

Стужка навінаў