Караткевіч, магчыма, будзе мець найвышэйшы рэйтынг у апазіцыі


Пяць слоў па-беларуску і бел-чырвона-белы сцяг на трыбуне. Першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдат на пасаду прэзідэнта звярнулася да беларусаў з экранаў тэлевізараў. Таццяна Караткевіч заявіла, што краіна мае патрэбу ў рэформах і мірных пераменах, і што яна адзіная прэзентуе дэмакратычную альтэрнатыву на гэтых выбарах. Выступ кандыдаткі з перспектывы выбарца – у матэрыяле Юрыя Салодкага.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:

«Сябры! Добры вечар! Мяне завуць Таццяна Караткевіч!»

Першага выступу на дзяржаўным тэлебачанні актывісткі руху «Гавары праўду» і кандыдаткі на прэзідэнцтва чакалі з нецярплівасцю як прыхільнікі, гэтак і тыя, хто ставіцца да яе вельмі крытычна.

Мы паглядзелі прамову Таццяны Караткевіч разам з Фёдарам Пашукевічам, які на мінулых выбарах аддаў свой голас за дзейнага кіраўніка Беларусі, але заўжды гатовы разгледзець альтэрнатыву.

ФЁДАР ПАШУКЕВІЧ, ПАТЭНЦЫЙНЫ ВЫБАРНІК:

«Мне спадабалася яе пазіцыя па шмат якіх пытаннях. Асабліва па тым пытаннях, якія датычныя нас – звычайных грамадзянаў Беларусі»

І сапраўды, кандыдатка шмат казала менавіта пра набалелае і блізкае людзям: скарачэнні на прадпрыемствах, змяншэнне заробкаў, перавод заводаў на няпоўны працоўны тыдзень, празмерны кантроль з боку дзяржавы, – але смела абяцала вылечыць краіну ад усіх хваробаў.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:

«Мадэрнізацыя правалілася, улада бяздзейнічае. Прымушае плаціць за яе памылкі, ды шукае сабе апраўдання. Нас пужалі шокавай тэрапія, а ў выніку шок ужо маем, а вось сілаў на тэрапію ўжо няма»

Выступ Таццяны Караткевіч моцна адгукнуўся ў сацыяльных сетках і выклікаў дыскусіі экспертаў.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, ЖУРНАЛІСТ РАДЫЁ «СВАБОДА»:

«Праграма Таццяны Караткевіч безумоўна дастаткова левая і папулісцкая. Але сваёй мэты, якую ставіла перад сабою Караткевіч, мне падаецца, гэты выступ дасягнуў. Ён аказаў добрае ўражанне на шырокія масы насельніцтва.»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч не заўважыў шмат папулізму ў выступе актывісткі «Гавары праўду» ды ўвогуле мяркуе, што падчас выступу нарадзіўся новы моцны апазіцыйны палітык.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Пасля гэтай кампаніі мы будзем канстатаваць безумоўна, што Таццяна Караткевіч новы палітык, са сваім рэйтынгам. І я не выключаю, што гэты рэйтынг можа быць найвышэйшым сярод апазіцыйных палітыкаў»

Ускоснае пацверджанне гэтаму – апытанне, праведзенае намі на вуліцах Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Мне падабаецца, што новыя асобы. Яна разумная, прыгожая. Цікавая жанчына.»

«Яна мне спадабалася, напэўна буду за яе галасаваць»

«Яна вельмі спакойная, ураўнаважаная. Выступ яе таксама карэктны».

Варта адзначыць, што 80 адсоткаў мінакоў, да якіх звярталіся нашыя карэспандэнты, не глядзелі выступу Таццяны Караткевіч. Але некаторых з тых, хто глядзеў, прамова змусіла змяніць ранейшыя сімпатыі.

ФЁДАР ПАШУКЕВІЧ, ПАТЭНЦЫЙНЫ ВЫБАРЦА:

«Я асабіста буду за яе галасаваць. Бо лічу, калі яе словы будуць звязаныя са справамі, я буду вельмі рады».

Праўда, голас Фёдара Пашукевіча, як і галасы іншых беларускіх грамадзянаў, будзе лічыць тая ж каманда, якая працавала амаль 2 папярэднія дзесяцігоддзі.

Юрый Салодкі, «Белсат»

[vc_row][vc_column][vc_video link=”Караткевіч, магчыма, будзе мець найвышэйшы рэйтынг у апазіцыі” title=”Караткевіч, магчыма, будзе мець найвышэйшы рэйтынг у апазіцыі”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў