Каралеўскі прыём для нобэлеўскай лаўрэаткі з Беларусі


 Гонар для кожнага беларуса і ўсёй Беларусі. Нобэлеўская лаўрэатка з нашае краіны пакарыла свет літаратуры і пакарае Стакгольм. Разам са Святланаю Алексіевіч абвяшчаем старт нобэлеўскага тыдня. Ужо была прэсавая канферэнцыя нобэлянткі для журналістаў з усяго свету, сустрэчы на самым высокім узроўні ды нобэлеўская лекцыя. Ёсць народная любоў, але нялюдская дзяржаўная цішыня з Менску.

Каралеўскі прыём для нобэлеўскай лаўрэаткі з Беларусі. Напярэдадні – вялікая прэсавая канферэнцыя ды экскурсія па Нобэлеўскім музеі. Сёння – сустрэча на найвышэйшым узроўні з кіраўніцай міністэрства замежных справаў Швецыі Маргат Вальстрэм ды чытачамі.

«Яна з Беларусі, а я цікаўлюся гэтаю краінай. Я ведаю, што Капусьціньскі нарадзіўся ў Беларусі. Мне падаецца, што Алексіевіч – падобны тып пісьменніка. Я хачу ўпэўніцца, ці гэта так» – зазначае наведнік сустрэчы Свэн.

Заля гарадскога тэатру Стакгольму, у якім выступала Алексіевіч, была амаль поўная. А таму пра квіткі, якія каштавалі каля 20 еўраў, трэба было паклапаціцца загадзя.

«Я ганаруся ёю, хоць яна, можа, толькі на палову беларуска. Гэта значная падзея для нашай краіны» – мяркуе наведніца сустрэчы Юлія.

Літаратурная сустрэча з першай беларускай нобэлеўскай лаўрэаткай праходзіла ў нязвыклым для саміх беларусаў фармаце.

Чытачы не мелі магчымасці задаваць пытанні, а таму даводзілася толькі слухаць выступ пісьменніцы з вялікай сцэны тэатру.

«Жаночы погляд важны не таму, што жанчыны лепшыя, а таму, што яны іншыя. Іхныя гісторыі распавядаюць вельмі рэдка. Тое, што Святлана зрабіла праз свае кнігі, гэта выслухала іхныя аповеды. Гэта дало вайне і міру іншую перспектыву. Роля, якую жанчыны хочуць адыгрываць, гэта агенты зменаў, а не толькі ахвяры. Яны таксама важная частка грамадства» – Маргат Вальстрэм, кіраўніца МЗС Швецыі.

Дзяржаўныя тэлеканалы адмовіліся трансляваць уручэнне прэміі і лекцыі нобэлеўскай лаўрэаткі. У адказ дзясяткі публічных пляцовак, кавярняў і рэстарацыяй па ўсёй краіне заявілі аб намеры самастойна трансляваць урачыстую цырымонію. Гэтак, сённяшнюю лекцыю беларускай пісьменніцы са Стакгольму змаглі паглядзець і наведнікі курсаў «Мова Нанова» у Берасці.

«Перш за ўсё – гэта адукацыя. Калі яны пачуюць гэтага чалавека, то і адкрыюць для сябе ейныя кніжкі..». – тлумачыць Максім Хлябец, вядоўца курсаў «Мова Нанова»

«Гэта вялікая падзея ў жыцці Беларусі і беларусаў. Я думаю, што вакол такіх людзей, як Святлана Алексіевіч і патрэбна абʼяднацца нацыі» – падкрэслівае Мікола Савейка, студэнт курсаў «Мова Нанова».

У сваім выступе Алексіевіч распавяла пра тое, як ствараўся ейны «чырвоны чалавек», які да сённяшняга дня жыве ў кожным з нас, ды аб сучаснай Беларусі і маладых людзях, што выходзілі на плошчу ды змагаліся за свабоду нашае краіны.

Віталь Бабін, Belsat.eu.

Стужка навінаў