Карабахскім пагадненням – 22 гады

video

11 траўня 1994 года Карабахскую вайну прыпыніла Пагадненне аб спыненні агню, але вайна не скончылася, а людзі працягваюць гінуць.

22 гады таму Азербайджан, НКР ды Арменія падпісалі дамову аб спыненні агню.

Менская група

Дэ-юрэ і дэ-факта вайна працягваецца: інцыдэнты на мяжы адбываюцца ледзь не штодня. У выніку нечаканай эскалацыі на пачатку красавіка ў Карабаху, паводле ААН, загінулі 33 асобы.

«Вайна можа здарыцца ў кожную хвіліну. Пытанне ў тым, ці вайна штосьці вырашае. Апошнія баі паказалі, што апроч смерцяў і разбурэнняў, вайна нічога не прынесла», – кажа «Белсату» дырэктар Армянскага цэнтру нацыянальных і стратэгічных даследаванняў Манвел Маргсян.

АБСЕ пачала вырашаць карабахскі канфлікт яшчэ ў 1992 годзе, калі адразу пасля распаду СССР Арменія і Азербайджан далучыліся да гэтай арганізацыі. Першая канферэнцыя мела адбыцца ў Менску – сталіцы СНД, – адсюль і назва працоўнай групы. Але сустрэча правалілася праз армянскую атаку на горад Шушы і ягоны захоп. Першае спатканне адбылося ў Рыме, але назва групы засталася. Засталася і вайна.

«На працягу ўсіх гэты гадоў ідуць быццам нейкія перамовы, але яны не прывялі хаця б да якіх-небудзь мінімальных вынікаў у вырашэнні канфліктаў», – кажа старшыня бакінскага Цэнтру нацыянальна-стратэгічных даследаванняў Іса Гамбар.

Карабахскі канфлікт стварыў СССР, які аддаў яго Азербайджану. Канфлікт трывае ўжо стагоддзе, але менавіта апошнія дэкады Карабах стаў зʼявай надае сэнс ды арганізоўвае жыццё абодвух суседзяў. Усе ўнутраныя праблемы Ерэван і Баку можна спісаць на гарачую кропку.

«У выніку гэтай акупацыі мы маем больш аднаго мільёна ўцекачоў і вымушаных перасяленцаў. Мы сталі ахвяраю этнічнай чысткі з боку Арменіі, амаль 20 адсоткаў нашай тэрыторыі знаходзіцца пад акупацыяй на працягу больш чым дваццаці гадоў», – заявіў нядаўна Ільхам Аліеў, які занадта пра ўцекачоў не клапоціцца. Яны дагэтуль не асвоіліся на новых месцах, і мараць вярнуцца дадому.

Таксама і Ерэван не дбае пра ветэранаў Арцаху: пакалечаныя мужчыны, якія добраахвотна ішлі на фронт, атрымоўваюць цяпер ад дзяржавы мізэрную грашовую дапамогу.

«Сцепанакерцкія»

Сёння не Арменія кіруе Карабахам, а Карабах – Арменіяй. Прэзідэнт Серж Саргсян і ягоны папярэднік, Роберт Качаран – карабахцы са Сцепанакерту.

Сталіца НКР не зруйнаваная, як можа падавацца: гэта сучасны горад у атачэнні казачных карабахскіх краявідаў.

«Мы збудавалі гэтую краіну, мы яе стварылі, мы яе песцім ужо 25 гадоў», – кажа Маргарыта Карамян, якая брала ўдзел у Карабахскай вайне.

Вартан Сірмакес, уладальнік сусветнага брэнду «Franck Muller», які набыў палову акцыяў Менскага гадзіннікавага заводу, адкрыў у Карабаху рыбнае прадпрыемства. Цяпер праз гэты бізнес інвестара «Луча» Азербайджан шукае з дапамогаю Інтэрполу.

Арменія – адна

«Я б хацеў яшчэ раз выказаць падтрыманне барацьбе нашых азербайджанскіх братоў за Нагорны Карабах, які так доўга знаходзіцца пад армянскай акупацыяй. Нягледзячы на рашэнне ААН на карысць Азербайджану ды фармату Менскай групы, Расея, ЗША і Францыя не даюць рады гэтай праблеме. Не разумею, як Менская група не можа яе вырашыць», – заявіў на нядаўнім саміце лідараў ісламскага свету Рэджэп Таіп Эрдаган.

Рэзалюцыя ААН 2008 года загадвае Арменіі вызваліць Карабах. Падчас чатырохдзённай вайны ў красавіку падтрыманне Азербайджану выказалі практычна ўсе мусульманскія краіны свету, а салідарнасці з Арменіяй не праявіла нават хаўрусніца па АДКБ Расея – Дзмітры Мядзведзеў у дні баёў нават наведаў Баку. Арменія засталася сам-насам.

Ніякага, нават сімвалічнага, падтрымання яна не дачакалася ад Уладзіміра Пуціна, які падчас апошняга тэлемосту з насельніцтвам Расеі выказаў спадзяванні, што Арменія і Азербайджан знойдуць кампраміс.

Матэрыял праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Тэмы апошняга выдання: Навошта Лукашэнку Бердымухамедаў; садружнасць незалежных дзяржаваў – 25 год нецывілізаванага разводу; у якую пастку загнаў сябе брытанскі прэм’ер ды іншыя.

https://www.youtube.com/watch?v=tyqbvmMnw_0

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары