Каны, пратэсты і палітыка


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=aqnplP_ef-o&feature=youtu.be”][vc_column_text]У палітычнай ангажаванасці вінавацяць «Еўрабачанне», але ці далёка адышоў ад гэтага фестываль у Канах?

Другі тыдзень буйной кінаімпрэзы сканчаецца і хутка абвесцяць пераможцаў конкурсаў. За гэты час на Лазурным беразе Францыі пратэставалі, рабілі палітычныя заявы і руйнавалі карʼеру кандыдаткі на прэзідэнта ЗША.

Чырвоны дыванок і тысячы журналістаў – ідэальны момант, каб паказаць не толькі сваю сукенку. Босыя ногі Джуліі Робертс – гэта пратэст супраць дрэскоду ў Канах – абавязку насіць высокія абцасы.

Фурор выклікала здымачная каманда з Бразіліі, якая ў Канах вось гэткім простым чынам даводзіла, што часовае адхіленне ад пасады прэзідэнта Дыўмы Русэф – гэта дзяржаўны пераварот.

Клэбэр Мэндонса Філлё, рэжысёр фільму «Aquarius», Бразілія:

«Гэта каб людзі ведалі, што так, нешта адбываецца ў Бразіліі проста ў гэтыя хвіліны. Бразільскія медыі распавядаюць пра сітуацыю ў краіне ўпярэджана. Таму мы выкарысталі гэтую цудоўную платформу Канскага кінафестывалю, каб зрабіць адну простую заяву».

Шэраг няпростых заяваў прагучаў ад брытанскага рэжысёра Кена Лоўча, які з аднаго боку Еўразвяз раскрытыкаваў, а з іншага – параіў Вялікай Брытаніі ў ім усё ж застацца.

Кен Лоўч, рэжысёр фільму «Я, Дэньэл Блэйк» (пераможца 69-га Канскага фестываля):

«Еўразвяз сёння – гэта неаліберальны праект. Гэта амаль тактычнае пытанне, але мяркую, змагацца з ім лепш знутры, ствараючы альянсы з іншымі еўрапейскімі левымі рухамі».

А цяпер Расея і рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў, які ў Каны прывёз свой апошні фільм «Вучань». Стужка распавядае пра маладога хлопца, які стаў рэлігійным фанатыкам і пачаў даводзіць усім сваю рацыю. Сам рэжысёр кажа, што менавіта гэта цяпер і адбываецца ў Расеі, дзе праваслаўныя актывісты грамяць выставы. Ці не баіцца аўтар крытыкі свайго фільму на радзіме? Кірыл Сярэбранікаў адказвае «Белсату».

Кірыл Сярэбранікаў, рэжысёр фільму «Вучань», Расея:

«У мяне ўсё гэта было. Памятаю абмеркаванне фільму «Юрʼеў дзень» на тэлебачанні, калі крычалі: такога не бывае, вы паклёпнічаеце на Расею! Мы ўжо ў чорных спісах нейкіх цемрашалаў».

Карціна «Вучань» атрымала спецыяльны прыз імя Франсуа Шале. Фільм знялі без дзяржаўнага падтрымання. І яшчэ адна гучная прэмʼера Канаў: дакументальная стужка «Грошы Клінтанаў». Фільм расследуе шляхі атрымання ахвяраванняў, якія ішлі на рахунак фонду сямʼі Клінтанаў.

Стывэн К. Бэнан, прадзюсар фільму «Грошы Клінтанаў»:

«Усе апытанні паказваюць, што найбольшы недахоп Клінтан – гэта ейная ненадзейнасць. Нават ва ўласнай партыі ёй давяраюць толькі 35 адсоткаў. Амерыканцы не спрачаюцца пра кампетэнтнасць Клінтан. Яны сумняюцца, ці варта ёй давяраць. Мяркую, мы мусім зразумець, як Клінтаны, што кажуць пра нашыя каштоўнасці, прадалі нас за грошы».

Фільм і пра сотні тысяч долараў, якія муж былой дзяржсакратаркі і былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан атрымаў за свае публічныя лекцыі. Ці зруйнуе гэткі кампрамат карʼеру патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнта, стане вядома на пачатку ліпеня, калі фільм выйдзе ў пракат – акурат перад зʼездам дэмакратычнай партыі ў Філадэльфіі.

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў