«Канвеер» у судзе Цэнтральнага раёну Менску: 17 справаў за ўдзел у акцыях пратэсту


Суд Цэнтральнага раёну Менску. Фота sputnik.by

У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёння своеасаблівы «аншлаг»: разглядаецца 17 адміністратыўных справаў, заведзеных на ўдзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў, што праходзіў 28 лютага ў Менску, і за ранейшыя акцыі пратэсту.

Суддзя Вікторыя Шабуня судзіць Мікалая Статкевіча, штраф – 50 базавых велічынь (Br 10,5 млн), Уладзіміра Някляева (12:00), Алеся Макаева (14:30), кабінет 210.

Суддзя Эдуард Мацкевіч разглядае справы Ніны Багінскай (14:30) і Вольгі Нікалайчык (два эпізоды: 28 лютага і 9 сакавіка – штраф – 50 базавых велічынь).

Суддзя Марына Казлова судзіць Мікалая Аўтуховіча (11:00) і Мікалая Коласа (12:00), кабінет 310.

У суддзі Валерыя Есьмана на разглядзе дзве «адміністратыўкі»: Максіма Вінярскага – штраф 50 базавых велічыняў, і Паўла Вінаградава (11:00), кабінет 410.

Суддзя Андрэй Дзянкевіч разглядае справы Паўла Сяргея (11:00) і Віталя Рымашэўскага (12:00), кабінет 206.

Суддзя Таццяна Рак будзе судзіць Мікалая Казлова (10:00) і Паўла Севярынца (11:00), кабінет 313.

Суддзя Іван Майсейчык будзе судзіць Вячаслава Сіўчыка (не зʼявіўся, суд перанесены на 1 красавіка, на 10:15) і Аляксандра Абрамовіча (12:00), кабінет 414.

Суддзя Міхаіл Хома разглядае справы Леаніда Кулакова па трох эпізодах адразу – 28 лютага, 7 і 9 сакавіка – штраф 50 базавых велічынь, і Анатоля Лябедзькі (12:00), кабінет 309.

Леанід Кулакоў паведаміў суддзі, што не мае грошай для аплаты штрафу, прасіў пакараць яго арыштам, але суддзя сказаў, што той не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб яго саджаць. «Дык за што штраф?», – зʼяўляецца пытанне.

Учора, 23-га сакавіка, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на спатканні з міністрам замежных справаў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім заўважыў: «Пры гэтым будзем старацца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у малой дэмакратыі, у адсутнасці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было не менш, чым у Польшчы».

28-га лютага ў Менску беларускія бізнесоўцы правялі акцыю, выступаючы за адмену ўказу № 222, які абмежаваў магчымасць гандляваць несертыфікаванымі, але таннымі таварамі з расейскіх аптовых базаў.

МЯ, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары