Канцэрт «Brutto» ў Гомлі: Як гэта было? Справаздача «Белсату»


Сцягі і воклічы «Жыве Беларусь» – у Лядовым палацы. Тры тысячы чалавек сабраліся ў Гомлі на першы з 2010 года канцэрт гурта «Brutto» на чале з Сяргеем Міхалком.

Brutto сыгралі песні з альбомаў «Underdog» і «Родны край» і шэраг гітоў з рэпертуару «Ляпіса Трубяцкога». Арганізатары канцэрту – кампанія «AllStars» – меркавалі прадаць 4000 квіткоў, але і так кажуць пра цэнавы рэкорд: кошты пачыналіся ад Br 32 руб. (каля $ 17). Тым часам, для параўнання, на канцэрт Макса Каржа квіток каштаваў не больш за $ 15.

Сёлета ў студзені Міхалок публічна звярнуўся да міністра культуры Беларусі з просьбай зладзіць у Менску канцэрт свайго гурта і тым самым абвергнуць наяўнасць чорных спісаў. Адказу не было, але канцэрт у Гомлі адбыўся. Не прарвала трубу і не прызначылі сандзень, як здаралася перад канцэртамі Лявона Вольскага ці Дзецюкоў. Гледачы атрымалі некалькі гадзінаў драйву а сам Міхалок назваў выступ у Гомлі «самаю важнаю на сёння падзеяй для «Brutto», сябе і сваіх блізкіх.

Канцэрты будуць яшчэ!

Напрыканцы канцэрту Сяргей Міхалок паабяцаў фанам выступы «Brutto» і ў іншых гарадах Беларусі.

З 2010 года фронтмэн гурта «Brutto» заставаўся ў неафіцыйным чорным спісе пасля серыі рэзкіх выказванняў пра палітычны рэжым у Беларусі. У траўні 2015-га Сяргей Міхалок атрымаў від на жыхарства ва Украіне. Гурт гастралюе па Еўропе, а ў Гомлі каманда заіграла пасля туру па Злучаных Штатах. Варта было – беларуская публіка відавочна згаладалася па магутнай энергіі абаяльнага Міхалка ды па разняволенай атмасферы буйных канцэртаў.

Вольга Гардзейчык, «Белсат», фота – svaboda.org

Стужка навінаў