У Менску кантралёры з відэарэгістратарамі судзяцца з пасажырамі-хуліганамі


З траўня кантралёры, занятыя на менскай дыспетчарскай станцыі «Серабранка», працуюць з відэрэгістратарамі.

Запісаная інфармацыя доўгі час захоўваецца ў кампʼютэрнай базе.

Гэта дазваляе кіраўніцтву кантраляваць сваіх супрацоўнікаў і дапамагае рэагаваць на звароты грамадзянаў. Таксама зняты з відэарэгістратару запіс можа выкарыстоўвацца ў судзе.

Дзве такіх справы кантралёры ўжо выйгралі ў судзе, паведаміў кіраўнік кантрольна-рэвізорскай службы «Агенцтва Менсктранс» Юрый Давідовіч.

Паводле яго, канфліктаў у пасажыраў з кантралёрамі бывае шмат. Але не кожны атрымліваецца давесці да суда, бо не заўжды атрымліваецца вызначыць асобу парушальніка.

«Абраза мае быць зафіксаваная, бо не напішаш заяву «Мяне абразіў невядомы пасажыр…» Кантралёр не можа браць пасажыра за руку, затрымліваць яго. Як правіла, пасажыры, якія так сябе паводзяць, уцякаюць. Але калі побач праходзяць супрацоўнікі міліцыі, можна прымаць меры па прыцягненні да адказнасці», – кажа Юрый Давідовіч.

Чытайце таксама >>>> Дзяўчына выкінулася з акна тралейбуса, уцякаючы ад кантралёраў (відэа)

Ён упэўнены, што пасажыры «хутка ўсвядомяць, што мінулі часы, калі кантралёраў можна было беспакарана абражаць. А калі ўсвядомяць – будуць ставіцца да прадстаўнікоў гэтай прафесіі з павагай, як яны таго і заслугоўваюць».

Паводле планаў, у будучыні відэарэгістратары зʼявяцца па ўсіх маршрутах грамадскага транспарту ў Менску.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў