Кантэнт Расеі ў беларускіх СМІ сёння складае да 65%


Беларускія ўлады занепакоены значным кантэнтам Расеі ў беларускіх СМІ.

«Гэта нас не павінна не насцярожваць з пункту гледжання нацыянальнай культуры, інфармацыйнай бяспекі», – заявіў у праграме «Контуры» тэлеканалу АНТ намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

Размова адбылася ў рамках XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: інтэграцыя як фактар стварэння».

Гэткі ўзровень расейскага кантэнту Бузоўскі, з аднаго боку, назваў пазітывам, «таму што гэта інтэграцыя культур, узаемадзеянне ў самых розных праявах». «У той жа час мы павінны разумець, што нам неабходна напрацоўваць і творчы, і палітычны патэнцыял тэлебачання на інфармацыйных пляцоўках», – заявіў ён.

Адказваючы на пытанне вядоўцы адносна цэнзуры і прапаганды ў СМІ, другі ўдзельнік інтэрвʼю Аляксей Волін, намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расеі сказаў: «У дачыненні да цэнзуры і прапаганды мы зыходзім з двух рэчаў. У Канстытуцыі Расеі цэнзура забароненая. Што да магчымасці выкарыстання СМІ ў дзяржаўных інтарэсах або нейкіх іншых структур, то тут, перш за ўсё, усё залежыць ад самой рэдакцыі, ад саміх журналістаў».

На гэта Бузоўскі заявіў:

«Павінна быць статуя адказнасці насупраць статуі Свабоды. Калі мы аналізуем працу таго ці іншага сродку масавай інфармацыі, мы аналізуем, у тым ліку, і крыніцы фінансавання. Часцяком становіцца зразумелым, для чаго тое ці іншае СМІ працуе, якія мэты пераследуюцца. Тут у сілу ўступае не паняцце цэнзуры, а арганізацыя працэсу працы з грамадскімі і палітычнымі фармаваннямі. Таму свае правілы гульні кожная краіна акрэслівае ў нацыянальных інтарэсах».

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары