Кангрэсмены заклікаюць Оўбаму паставіць зброю Украіне


Група амерыканскіх кангрэсменаў – як ад Дэмакратычнай, гэтак і ад Рэспубліканскай партыяў – заклікала прэзідэнта ЗША Барака Оўбаму накіраваць лятальную абарончую зброю Украіне. Пра гэта паведамляе «Бі-бі-сі».

У лісце, падпісаным спікерам палаты прадстаўнікоў кангрэса Джонам Бейнерам ды іншымі кангрэсменамі, гаворыцца, што дзеянні Расеі на Украіне «выходзячым за ўсе рамкі парушэннем міжнароднага права».

На думку амерыканскіх кангрэсменаў, нядаўняе спыненне агню толькі дапамагло сепаратыстам замацавацца на занятых тэрыторыях.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў дапамозе сепаратыстам як вайскоўцамі, гэтак і ўзбраеннямі. Масква абвінавачванні адмаўляе і кажа, што на ўсходзе Украіны змагаюцца толькі расейскія «добраахвотнікі».

У лісце, які падпісалі 11 вядомых чальцоў двух амерыканскіх партыяў, гаворыцца, што дзеянні Расеі на Украіне – гэта «выклік Захаду і атакаю на парадак у свеце, усталяваны такою высокай цаной, якая была заплачана падчас Другой сусветнай вайны».

Звяртаючыся да Оўбамы, кангрэсмены заклікаюць яго «хутка ўхваліць дадатковыя захады для падтрымання Украіны, уключаючы перадачу лятальнай абарончай зброі ўкраінскім ваенным, з тым, каб Украіна магла абараніць сваю суверэнную тэрыторыю».

На думку кангрэсменаў, падобны крок – адзіная магчымасць «стрымаць і перадухіліць далейшую агрэсію» Расеі.

Шэраг амерыканскіх палітыкаў ужо даўно патрабуюць ад Оўбамы пачаць пастаўкі ўзбраенняў Украіне, абвінавачваючы амерыканскага прэзідэнта ў нерашучасці.

Сам прэзідэнт ЗША неаднаразова казаў, што ён разглядае магчымасць паставак зброі Кіеву, калі дыпламатычныя метады не змогуць вырашыць канфлікт на ўсходзе Украіны.

Паводле «Бі-бі-сі»

Стужка навінаў