Кангрэс ЗША пачаў змагацца з «таемным уплывам» Расеі


Палата прадстаўнікоў кангрэсу ЗША прыняла законапраект, які прадугледжвае стварэнне спецыяльнай міжведамаснай групы, якая будзе супрацьстаяць завуаляваным спробам Расеі «аказваць уплыў на грамадзянаў і ўрады іншых дзяржаў».

Як адзначаюць журналісты, законапраект ідзе насуперак абяцанням новаабранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа палепшыць адносіны з Расеяй.

Дакумент аб фінансаванні выведкавых ведамстваў у 2017 годзе, які мае сакрэтны дадатак, закранае пытанні пагроз нацыянальнай бяспекі.

У прыватнасці, у 93-старонкавым законапраекце, прынятым пераважнай большасцю галасоў – 390 «за», 30 «супраць», гаворыцца, што Расея «маніпулюе сродкамі масавай інфармацыі і фінансуе агентаў уплыву», «аказваючы схаваны ўплыў на народы і ўрады».

Камісіі даручаць «процідзейнічаць палітыцы Расеі, накіраванай на аказанне схаванага ўплыву, уключаючы выкрыццё ілжывай інфармацыі, агентаў уплыву, карупцыі, парушэнняў правоў чалавека, тэрарызму і забойстваў, якія ажыццяўляюцца органамі бяспекі або палітычнымі элітамі Расейскай Федэрацыі або іх стаўленікамі».

Акрамя гэтага ў дакуменце прапаноўваюцца захады па супрацьдзеянні тэрарыстычнай дзейнасці ў Іраку, Сірыі і Паўночнай Афрыцы, а таксама ў кіберпрасторы і ў космасе.

Законапраект прадугледжвае, што на разведку ЗША ў 2017 годзе выдзеляць крыху больш за $ 70 мільярдаў.

Сенат Кангрэсу ЗША павінен разгледзець законапраект да канца гэтага года. Пасля чаго дакумент адправіцца да прэзідэнта краіны.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў