Канфлікт паміж рынкамі і стыхійнымі гандлярамі перарастае ў сапраўдную вайну


Канфлікт паміж рынкамі і стыхійнымі гандлярамі перарастае ў сапраўдную вайну. Прычым адзін бок вінаваціць у праблеме другі. А вось кантрольныя органы адказнасць за тых, хто выбірае нелегальны продаж, перакідвае на рынкі.

Хто з нас не набываў сезонных прадуктаў не ў крамах або на рынках, а проста на вуліцы, каля ажыўленых гандлёвых кропак? У Магілёве, напрыклад, гэта месцы каля рынкаў «Цэнтральны» ды «Прывакзальны»:

ГАНДЛЯРКІ СТЫХІЙНАГА РЫНКУ:

«У мяне 15 сотак, агуркамі, памідорамі гандлюю, вясной расадай. Калі б не гэты гандаль то жыць было б зусім немагчыма».

Пакупнікі па-рознаму ставяцца да такой формы гандлю.

ПАКУПНІКІ НА СТЫХІЙНЫМ РЫНКУ:

«Тут людзі сваё з агародаў прадаюць, а там невядома адкуль».

«Дрэнна стаўлюся да стыхійнага, у нас месца хапае паўсюль, і можна адвесці проста бясплатна».

«Такі рынак патрэбен, але канешне не ў такім месцы, людзям трэба абсталяваць месцы, латкі нейкія».

Сітуацыя з размяшчэннем даходзіць да абсурду. На мінулым тыдні сацыяльныя сеткі абляцеў фотаздымак, дзе прадавачка каля рынку «Цэнтральны» расклала свае тавары паверх вулічных кантэйнераў для смецця. «Куды глядзяць мясцовыя ўлады ды санэпідэмстанцыя?» – абураўся аўтар здымку. Пасля асвятлення гэтага інцыдэнту ў СМІ на стыхійныя рынкі гораду абрынуўся шэраг міліцэйскіх аблаваў.

ГАНДЛЯРКА СТЫХІЙНАГА РЫНКУ:

«У аўторак я патрапіла ў непрыгожую сітуацыю, я вось тут стаяла, яны ўтрох выйшлі, кажуць – дакументы. Я кажу няма дакументаў, яны адразу кажуць у машыну яе. Гэта вельмі крыўдна!»

З пункту гледжання права гандаль у гэтых месцах незаконны. Пры гэтым на саміх рынках легальных вольных месцаў хоць адбаўляй.

ЛЮДМІЛА СТАНКЕВІЧ, КАНТРАЛЁР РЫНКУ «ПРЫВАКЗАЛЬНЫ»:

«Вось гэта вось усё месца для сельгас, і вот те ряда для сельгасвытворцаў, хто прыехаў, той і стаў».

Чаму ж тады не ідуць гандляваць сюды?

ЛЮДМІЛА СТАНКЕВІЧ, КАНТРАЛЁР РЫНКУ «ПРЫВАКЗАЛЬНЫ«:

«Іх задавальняе. Ні падаткі не плацяць, ні за месца не плацяць, ні праверкі якасці няма».

Стыхійныя гандляры маюць свае аргументы: ісці на рынак дорага, а лепшыя месцы ўжо выкупленыя іншымі гандлярамі.

ГАНДЛЯРКІ СТЫХІЙНАГА РЫНКУ

«Тут прадаецца вядома лепшае, таму што наш пакупнік лянівы, ён ідзе і ўсё купляе на хаду, а там мы можам дзень сядзець і нічога не прадаць».

«14 тысяч, прабачце, за паўметра заплаціць – гэта вялікі кошт».

Але ёсць і тыя, хто пагаджаецца. Прадпрымальніца Ірына раней таксама гандлявала на стыхійным рынку, цяпер жа плаціць за 2 квадратныя метры прылаўку рубель ды сорак капеек на дзень. Кажа, што больш ніякіх праблемаў з законам не мае.

ІРЫНА, ГАНДЛЯРКА РЫНКУ «ПРЫВАКЗАЛЬНЫ»:

«Гэта вельмі зручна, калі я прыехала гандляваць мне трэба раскласці, прапанаваць тавар. У мяне ўсе дакументы, праверка на ўсю прадукцыю. Я за яе адказваю».

Але такіх задаволеных у гэтай гісторыі няшмат. Стыхійным гандлярам не падабаюцца ўмовы працы і міліцэйскія аблавы. Улады рынкаў кажуць, што дзяржава, пагражаючы закрыццём, перакладае адказнасць за кантроль над стыхійным гандлем на іх. Вось і атрымліваецца, што крохкае перамірʼе кожную хвіліну можа перарасці ў гарачы канфлікт.

Ігар Кулей belsat.eu

Стужка навінаў