Канфлікт над Дзвіною. Як вяскоўцы ды дачнікі бароняць свае сялібы


Бліжэй да зносу і ўсцяж далёка ад развязання канфлікту. У Віцебску адбылося грамадскае абмеркаванне ў справе будаўніцтва ГЭС, якое прадугледжвае знос паўсотні лецішчаў садовага таварыства «Суднабудаўнік» у вёсцы Цяцёркі ды амаль цалкам – вёскі Барвін. Самы буйны гідравузел краіны плануюць пабудаваць праз два гады, а знесці дамы – цягам найбліжэйшых месяцаў.

АЛА ВІШНЕЎСКАЯ, СТ «СУДНАБУДАЎНІК»:

«Мы падамо ў суд – няхай разбіраюцца. Без судовай пастановы, калі нас не пажадаюць пачуць, мы не сыдзем з нашых участкаў».

На сходзе мясцовыя жыхары прэзентавалі альтэрнатыўны праект, якія прадугледжвае пад’ём дамоў і выкананне іншых захадаў у абароне ад забалочвання ды падтаплення. Яго падрыхтавала праектна-будаўнічая кампанія «Вірсо», якая сцвярджае, што такое развязанне больш выгоднае з эканамічнага гледзішча.

АЛЯКСЕЙ ЛАГУЦІН, ГАЛОЎНЫ ІНЖЫНЕР ТАА «ВІРСО»

«Выглядае на тое, што дом захаваць можна. І гэта будзе танней, чым выплаціць вам кампенсацыю».

Надзеі на змены ў планах няшмат, але вялікаю перамогаю ўладальнікі лецішчаў называюць ужо і тое, што Віцебскі райвыканкам прыняў рашэнне вылучыць 4 гектары зямлі непадалёк, на тым жа беразе Дзвіны. У сваю чаргу чальцы садовага таварыства знайшлі забудоўніка, які гатовы паставіць тут сучаснае ды экалагічнае паселішча замест знесеных лецішчаў.

УЛАДЗІМІР ГУШЧАНКА, СТ «СУДНАБУДАЎНІК»:

«На меркаванне шмат каго, з кім я размаўляў, з гэтага трэба было пачынаць з траўня. З гэтага – з пазітыву. Мы вас зносім, але давайце мы дапаможам вам уладкавацца на новым месцы – хутка, кампактна, сучасна».

Але без развязання застаецца адно з галоўных пытанняў – мясцовыя могілкі ў Цяцёрках, якія таксама трапляюць у зону падтаплення. Паколькі афіцыйна яны не існуюць, праект будаўніцтва ГЭС іх не ўлічыў. З гэтае нагоды сход наведалі і жыхары суседніх вёсак.

МАРЫНА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ВЯРХОЎЕ:

«Некалькі аб’яваў пабачылі выпадкова. Зацікавілі могілкі, таму што там пахаваныя сваякі, свякроўка ў прыватнасці».

Але першасным пытаннем застаецца лёс мясцовых жыхароў, чые дамы рыхтуюцца пад знос. Да 15 верасня маюць стаць вядомыя лічбы кампенсацыі, згодна з якімі жыхары Цяцёрак ды Барвіна прымуць рашэнне пра далейшую барацьбу.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў