Канферэнцыя Belarus Security Blog: Мінабароны самастойна не вырашыць праблему дзедаўшчыны


Навабранцы беларускай арміі

Беларускія сілавыя органы – найперш Узброеныя Сілы – не здольныя вырашыць праблему дзедаўшчыны, гэтым павінна актыўна заняцца ўсё грамадства. Так лічаць эксперты, у тым ліку экс-вайскоўцы і былыя прадстаўнікі сілавых структур, якія сабраліся на штогадовай канферэнцыі па бяспецы нашай краіны.

Мерапрыемства ў памяць міністра абароны Беларускай Народнай Рэспублікі генерала Кіпрыяна Кандратовіча правёў у чацвер беларускі партал прысвечаны пытанням нацыянальнай бяспекі Belarus Security Blog.

Інфармацыйная блакада

Справа забойства Аляксандра Коржыча ярка паказала, што праблема жорсткіх нестатутных адносінаў у войску нявырашаная, прычым Мінабароны, хутчэй, схільнае хаваць факты злачынстваў, чым змагацца з самой з’явай, зазначыў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

«Гэта не адзінкавы выпадак. Справа [Аляксандра Коржыча] атрымала рэзананс найперш дзякуючы маці забітага жаўнера, якая распавяла тое, што адбылося, як яна прыехала ў вайсковую частку забіраць цела сына, як паводзілі сябе вайскоўцы», – сказаў Судаленка, сам былы жаўнер і бацька чатырох сыноў, двое з якіх ужо адслужылі ў войску нашай краіны.

Маці загінулага ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча пра здзекі над сынам

«Здавалася, што дзедаўшчына паступова сыходзіць. Аднак цяпер і мае саслужыўцы-афганцы не хочуць адпраўляць у армію сваіх сыноў. І гэта мяне не радуе», – сказаў былы жаўнер памежных войскаў і следчы пракуратуры праваабаронца Алег Волчак.

Раней шмат якія справы замоўчваліся з прычыны псіхалагічнага ціску і застрашэння на сваякоў людзей, якія загінулі, паведаміў ён. Справа Аляксандра Коржыча прарвала гэтую блакаду.

Запозненая рэакцыя следчых органаў

Толькі праз нейкі час справай заняліся Следчы Камітэт і пракуратура. Высветлілася, што хлопца знайшлі са звязанымі нагамі, цішоткай на галаве, што ўвогуле выключае суіцыд. Была заведзеная справа, праведзеныя арышты.

У Барысаве асудзілі прапаршчыка Ігара Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах, які збіваў жаўнераў і катаваў іх электрашокерам. Яму далі 5 гадоў пазбаўлення волі. Справу завялі ў сувязі з татальнай праверкай часткі, якая пачалася пасля грамадскай рэакцыі на смерць Аляксандра Коржыча.

Прапаганда Мінабароны – адсутнасць розуму і сумлення

Замест таго, каб прызнаць віну ўстановы, прадстаўнікі Мінабароны нападалі на грамадзянскіх актывістаў і фактычна хавалі вінаватых у забойстве.

«Як паводзіла сябе армейская прапаганда? Нас пачалі абвінавачваць у тым, што мы спекулюем на смерці жаўнера. Быў заблакаваны рэсурс, на якім мы збіралі подпісы. Армейскае начальства нам падавала ўсё як банальны суіцыд», – кажа Леанід Судаленка.

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў

«Калі мы кажам, што стала вядома пра правапарушэнне ў вайсковых частках, для нас ключавое слова – «правапарушэнне», а для Мінабароны – «стала вядома». І замест таго, каб змагацца з правапарушэннямі, яны па-савецку бачаць ворага не ў тых, хто рэальна дыскрэдытуе вайсковую службу, не ў тых, хто робіць злачынствы і іх пакрывае, а ў тых, хто агучвае факты», – адзначыў эксперт Belarus Secutiry Blog Зміцер Мацкевіч.

«Я хачу нагадаць, што не толькі міністр абароны Раўкоў апошні адрэагаваў на смерць Аляксандра Коржыча. Тыя прадстаўнікі Мінабароны, якія прыйшлі на пахаванне, яны прыйшлі пад аховай міліцыі… Яны ў вайсковай форме схаваліся за спіны міліцыянераў і пайшлі на пахаванне. Калі гэта не дыскрэдытацыя і не падрыў аўтарытэта, то я не ведаю, што гэта», – сказаў кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Метад – грамадскі кантроль і актыўнасць

Чыста адміністратыўных мер недастаткова для таго, каб беларуская армія мінімізавала праблему дзедаўшчыны, лічыць Алег Волчак:

«Асноўная праблема беларуская арміі – стаўленне грамадства да Узброеных Сіл. Негатыўныя зʼявы, якія мы бачым у арміі, характэрныя і для ўсяго цывільнага грамадства. Дзедаўшчына ёсць і ў школах, ВНУ, зачыненых медычных установах, турмах, на прадпрыемствах. Гэта не дзедаўшчына, калі ў Крычаве міліцыянеры паднялі бунт, бо іх прымушалі працаваць у непрацоўны час? Адзін лейтэнант згубіў прытомнасць з-за празмернай нагрузкі», – кажа эксперт.

Грамадскі кантроль у арміі будзе не толькі сродкам кантролю над вайскоўцамі, гэта сродак падтрымання баяздольнасці Узброеных Сіл, сродак абароны арміі ў цэлым і саміх вайскоўцаў ад карупцыі, гвалту і злоўжыванняў.

Уратаваць нашую армію

«Ад таго, што над сілавымі органамі няма вонкавага кантролю, патрэба ў гэтай функцыі не знікае. Проста ў такой сітуацыі зʼяўляюцца нефармальныя метады кантролю – карупцыя, уцёкі ад прызыву, хабарніцтва… Паступова расце крыміналізацыя. Калі перамен не будзе, мы ўбачым толькі раскладанне і рост крыміналу як у сілавых структурах, гэтак і ў беларускім грамадстве ў цэлым», – адзначыў Зміцер Мацкевіч.

Алег Волчак прапанаваў прызначыць цывільнага міністра абароны і цывільнага ўпаўнаважанага па Узброеных Сілах, які б кантраляваў пытанне абароны правоў вайскоўцаў, правяраў адпаведнасць унутраных нарматыўных актаў заканадаўству, перадаваў бы інфармацыю пра парушэнні адпаведным следчым органам.

Прысяга беларускага жаўнера. Фота «Ваяр»

Актыўна павінныя дзейнічаць і грамадскія арганізацыі, і як мага большая колькасць асобных грамадзянаў, якія маюць права накіроўваць асабістыя запыты ў Мінабароны і спецыяльныя службы.

«Армію трэба ратаваць», – сказаў Волчак у канцы сваёй прамовы.

«Каб яна ўратавала нас у выпадку чаго», – дадаў кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў