Канец святла ў Гомлі


 Горад у цемры. Гаснуць ліхтары на вуліцах, знікаюць з вачэй пешаходныя пераходы.

«Некаторыя ліхтары выключаць. Галоўнае пераходзіць вуліцу па пераходзе», – кажа жыхарка Гомлю.

«Можа нехта напасці. Небяспечна хадзіць», – дадае мінак.

Змяніць сітуацыю пастанавілі мясцовыя грамадскія актывісты. У горадзе пачаўся збор подпісаў.

«Мы не просім нічога надзвычайнага. Мы хочам, каб улада выконвала асноўныя патрабаванні ў асвятленні гораду, якія прапісаныя ў законе», – тлумачыць Сяргей Карэба, ініцыятар збору подпісаў.

Што гэта за патрабаванні, добра ведаюць юрысты.

«Паводле стандартаў, у начны час содняў вуліцы ў гарадах і населеных пунктах мусяць асвятляцца. Гэта такім стандарт. Зразумела, калі мусяць асвятляцца вуліцы, мусяць асвятляцца і нерэгуляваныя пешаходныя пераходы», – распавядае юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле статыстыкі міліцыі, амаль сорак адсоткаў з усіх дарожных аварыяў у рэгіёне – гэта выпадкі наездаў на пешаходаў.

«Напрыклад, кіроўца едзе і не бачыць пераходу, а пешаход упэўнены, што ён мае першынство, таму ідзе», – зазначае Сяргей Карэба.

А пацвярджае такую магчымасць адзін з пераходаў у Гомлі ў раёне вуліцы Юбілейнай. Штовечар тут сістэматычна гаснуць вулічныя ліхтары. У гэтым раёне не аднойчы мелі месца ДТЗ. Чаму вылучаюць святло – патлумачылі ў гомельскім прадпрыемстве «Гомельгарсвятло». Пры гэтым арганізацыя запэўніла, што гатовая пазнаёміцца з сітуацыяй.

«Гэта частковы пераход на эканамічны рэжым. Дзе ён? Мы ж не будзем правяраць усе пераходы, а прыедзем на канкрэтны», – выказваюцца ў дыспетчарскай «Гомельгарсвятла».

У сваю чаргу мясцовыя жыхары сведчаць аб адваротным.

«Заўсёды так было, заўсёды гэта была норма», – дзеліцца мужчына.

Якая мусіць змяніцца, каб пазбегнуць новых трагедыяў. У гэта вераць тыя, хто ініцыяваў збор подпісаў, што ў хуткім часе перададуць у гарвыканкам.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў