Кандыдаты на рэктара ЕГУ атрымалі «хатняе заданне» на святы


ЕГУ завяршае этап адбору кандыдатаў на рэктара. Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту мусяць падаць свае парады па стратэгічным развіцці ўстановы да пачатку новага 2015 года. На пісьмовае заданне прэтэндэнтам далі каля тыдня часу.

Цягам святочнага перыяду намінанты мусілі працаваць над сваім бачаннем стратэгіі рэформаў ва ўніверсітэце, каб прадставіць яго конкурснай камісіі.

Сем удзельнікаў конкурсу бралі ўдзел у сумоўі з конкурснай камісіяй Кіроўнай рады 17 снежня. Паводле неафіцыйных звестак, этап паспяхова пераадолелі тры кандыдаты: часовы рэктар ЕГУ Дэйвід Полік, палітык Аляксандр Мілінкевіч і выкладчыца ўніверсітэту Таццяна Шчытцова.

Адміністрацыя не агалошвае спіс шорт-ліст кандыдатур, як і не раскрывае дэталі конкурсу. Аляксандр Мілінкевіч, мяркуе, што ў дадзенай сітуацыі публічнасць не замінае, а наадварот дапамагае зрабіць конкурс больш плённым.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Беларуская супольнасць мусіць удзельнічаць у абмеркаванні праграмаў, узмацнення беларускіх пазіцыяў у ЕГУ. Бо гэта не толькі месца навучання будучых рэфарматараў Беларусі, але і важная пляцоўка для вырашэння праблемаў беларусістыкі, еўрапеістыкі», – кажа кандыдат.

ЕГУ адрадзіўся ў Вільні як праект грамадзянскай супольнасці. Бюджэт беларускага ўніверсітэту ў выгнанні больш як на дзве траціны залежыць ад замежных грантаў. Кіраўніцтва мусіць прадстаўляць Кіроўнай радзе і Траставаму фонду рэгулярныя справаздачы. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, як і шэраг звольненых выкладчыкаў універсітэту, занепакоеныя закрытасцю адміністрацыі і аўтарытарным стылем у кіраванні. Апошнім скандалам стала інфармацыя пра заробак правоста, а цяпер часовага рэктара ЕГУ Дэйвіда Поліка, які атрымлівае $ 150 тыс. штогод пры «дзірцы» ў бюджэце ўстановы ў $1 млн.

Пераможцу конкурсу на пасаду рэктара ЕГУ да 1 сакавіка мусіць вызначыць Агульны сход сузаснавальнікаў.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў