Кандыдаты на прэмію Гедройца распавялі, каго б яны ўганаравалі


Гедройцаўскі марафон у кнігарні «логвінаЎ»! Тут сустрэліся сёлетнія намінанты прэміі. Адзін або адна з іх ужо ў кастрычніку атрымае дзесяць тысяч еўраў за сваю прозу. А пакуль яны распавялі, што думаюць пра творы канкурэнтаў.

З шасцёркі аўтараў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, у размове ўдзельнічалі чацвёра: Андрэй Адамовіч, Таццяна Скарынкіна, Валянцін Акудовіч і Альгерд Бахарэвіч. Яны і казалі адно аднаму кампліменты, але і ўедліва крытыкавалі. Андрэй Адамовіч, напрыклад, знайшоў шмат рэчаў, з якімі не згодны, у кнізе свайго настаўніка Валянціна Акудовіча. Не абышлі ўвагай і адсутных – кнігу «Завяршыць гештальт» Макса Шчура, які жыве ў Празе, Валянцін Акудовіч пахваліў за ўдалую структуру і параіў усім для чытання. А раман «Рух» Алеся Пашкевіча вядоўца імпрэзы Андрэй Хадановіч назваў найлепшым творам гэтага аўтара. Хто ж варты прэміі, на думку саміх намінантаў (вядома, калі не браць у разлік сябе)?

Глядзіце яшчэ >>> Прэмія Гедройца – адкуль затрыманне?

Абвясцілі шорт-ліст прэміі Гедройца

ТАНЯ СКАРЫНКІНА, ПІСЬМЕННІЦА:

«Думаю, што атрымае Альгерд. Хаця б з той прычыны, што ён даўно ўжо намінаваўся на прэмію Гедройца, але быў то другім, то трэцім, а цяпер настаў час атрымаць яму першы прыз».

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ, ПІСЬМЕННІК:

«Ну, я думаю, што гэта кніга Тані Скарынкінай, пра якую я скажу колькі словаў на гэтай імпрэзе. Кніга Андрэя Адамовіча вельмі някепская, на мой погляд».

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ, ПІСЬМЕННІК:

«Вось як зоркі сыдуцца, як гэты сыход зорак пачуюць сябры журы, так і атрымаецца».

Як жа яны сыдуцца, мы даведаемся ўжо 12-га кастрычніка, калі будзе ўручаная найбуйнейшая літаратурная прэмія Беларусі.

Іншыя тэмы: У сталічнай «Галерэі Савіцкага» ўпершыню за 40 гадоў сустрэліся выпускнікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (Акадэміі мастацтваў) 1976 г. Суд пастанавіў, што аўтарка перформансаў Марына Абрамавіч мусіць заплаціць Уляю € 250 тыс. У Фларэнцыі адкрылася рэтраспектыўная выстава кітайскага мастака Ай Ўэй Ўэя.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў