Кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ будзе шукаць шведскі офіс па падборы персаналу


Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт абяцае «максімальна адкрыты» пошук новага рэктара.

Гэту працу мае выканаць шведскі офіс міжнароднага агенцтва па падборы кіроўнага персаналу. Пра гэта паведаміў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Паводле яго, арганізацыя нанятая Шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця («SIDA»). У цяперашні момант «SIDA» займаецца наглядам за Траставым фондам ЕГУ.

«Гэтае пытанне знаходзіцца пад кантролем донараў, і працэс пошуку рэктара будзе максімальна адкрытым», – заявіў Мілта, адзначыўшы, што пра тэрміны гаварыць рана.

Адказваючы на пытанне, чаму падбор кандыдатаў на пасаду рэктара будзе ажыццяўляць не ЕГУ, а вонкавая арганізацыя, Мілта заўважыў, што агенцтва будзе толькі прымаць заяўкі ад кандыдатаў і актыўна іх шукаць. Канчатковае рашэнне наконт кандыдатуры рэктара прыме ўсеагульны збор заснавальнікаў, сярод якіх фонд «Еўразія», фонд «Адкрытае грамадства» ды Інстытут міжнароднай адукацыі.

Рэктар ЕГУ прафесар Дэйвід Полік скончыць сваё перабыванне на гэтай пасадзе ў канцы лета.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў