Кандыдат у прэзідэнты Расеі ад КПРФ назваў Сталіна найлепшым лідарам Расеі за сто гадоў


Павел Грудзінін пахваліў Сталіна ў размове з блогерам Юрыем Дудзём. Прадпрымальнік аргументаваў сваё меркаванне тым, што больш нікому з лідараў не ўдалося дабіцца такіх поспехаў у развіцці краіны за час знаходжання ва ўладзе.

«Іосіф Сталін – найлепшы лідар за апошнія сто гадоў, ён падняў эканоміку, адукацыю і аднавіў краіну пасля вайны. Так, быў ГУЛАГ, але мой бацька дзякуючы Сталіну (Грудзінін адразу паясняе, што дзякуючы «сацыялістычнаму прынцыпу». – Заўвага belsat.eu) атрымаў адукацыю, кватэру і добра зарабляў. Нават калі былі «непапулярныя рашэнні», галоўнае – вынік. Пры Сталіне я быў бы Героем Сацыялістычнай Працы. А камедыя пра Сталіна – здзек над гісторыяй.

І наагул колькі можна пасыпаць галаву попелам, хопіць пра Сталіна. Вось ёсць чалавек, пры якім людзі не атрымлівалі зарплаты і пенсіі, а мільёны загінулі ў бандыцкіх разборках. Хіба ён не злачынца? Але яму пабудавалі велізарны цэнтр (ён кажа пра Барыса Ельцына. – Заўвага belsat.eu). Я беспартыйны, але ўдзячны Генадзю Зюганаву за захаванне Кампартыі і тое, што піянеры дагэтуль павязваюць гальштукі».

Ён адзначыў, што «Сталін быў справядлівы» і пасля ягонай смерці засталося «дзве пары стаптаных ботаў і два кіцеля, а краіна засталася вялікай».

Дудзь і Грудзінін доўга спрачаліся пра рэпрэсіі і дасягненні Сталіна.

У фінале яны пайшлі ў заклад. Паводле ўмоваў, калі Грудзінін на выбарах набярэ больш за 15%, Юрый Дудзь пагаліць галаву. Калі ж вынік кандыдата ад камуністаў будзе ніжэй, Грудзінін паабяцаў згаліць вусы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў