Кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка не будзе выступаць на БТ


Выступ Лукашэнкі на тэлебачанні меў адбыцца 16 і 23 верасня. Але не адбудзецца, паведамляе «Еўрарадыё».

Прамова Лукашэнкі ў жывым эфіры тэлеканала «Беларусь 1» была запланаваная на 19:30 сёння і праз тыдзень. Замест гэтага ў эфірнай сетцы стаіць праграма «Нашы».

«У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам і рашэннем Цэнтрвыбаркама, Нацыянальная тэлерадыёкампанія прадастаўляе тэле-і радыёэфір усім зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты. Рашэнне аб выкарыстанні ці не выкарыстанні эфірнага часу для звароту да выбаршчыкаў прымае сам кандыдат у прэзідэнты», – паведамілі «Еўрарадыё» ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

У аўторак 15 верасня першыя паўгадзіны для выступу на дзяржаўным тэлебачанні выкарыстаў кандыдат у прэзідэнты Сяргей Гайдукевіч.

Што да Лукашэнкі, то ён не скарыстаўся магчымасцю выступу на тэлебачанні і падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў