Кандыдат у дэпутаты: Калі спатрэбіцца, буду сядзець пад кабінетам у міністра, начаваць, галадаць, поўзаць на каленях


Юлія Ганісеўская

Кандыдат у дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду» па паўднёвай выбарчай акрузе г. Гомля Юлія Ганісеўская зладзіла агітацыйны пікет у 104 мікрараёне. Падтрымаць кандыдата прыехала былая кандыдатка ў прэзідэнты краіны Таццяна Караткевіч, актывісты кампаніі «Гавары праўду» з Гомля і Рэчыцы.

Пікет Юліі Ганісеўскай

На пікеце выступіў гамяльчук Сяргей Башмур, які ўзняў пытанні няякаснай медыцыны: адсутнасці належнага кантролю за працай медыкаў, недастатковых санітарных умоваў ў шпіталях, немагчымасці прыцягнення да адказнасці медыкаў за лекарскую памылку. Улетку 2017 году ў Сяргея з жонкай памёр сын у абласной радзільні Гомля. Немаўляці было 6 дзён ад роду. Афіцыйнае заключэнне – дзіцё сканала ад нявызначанай інфекцыі. Сяргей Башмур перакананы, што на лекарах таксама ляжыць адказнасць за неналежнае лекаванне. Ужо паўгады ён змагаецца за тое, каб адказныя за смерць сына лекары панеслі пакаранне.

Сяргей Башмур

Цяпер Сяргей Башмур спрабуе яднаць вакол сябе людзей, якія таксама пацярпелі ад медыкаў.

«Я сам у студзені падаваў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне пікету «За якасную медыцыну», – кажа Сяргей Башмур, – Але мне адмовілі. Я спрабую дагрукацца са сваёй праблемай да чыноўнікаў, звяртаюся да журналістаў. Мне кандыдатка Юлія Ганісеўская сама прапанавала выступіць на яе пікеце, я з радасцю пагадзіўся, бо для мяне – гэта магчымасць звярнуцца да людзей».

Юлія Ганісеўская падчас пікету ладзіла збор подпісаў за рэканструкцыю школьнага стадыёну школы № 73, куды пераважна ходзяць дзеці са 104-га мікрараёна.

Юлія Ганісеўская збірае подпісы

«Стадыён у аварыйным, ваенным стане, – кажа кандыдатка. – Нашы дзеці пазбаўлены магчымасці паўнавартасна займацца фізкультурай, няма нармалёвых дарожак, пляцовак для скокаў у даўжыню ды інш. Каб дзейсныя дэпутаты, дарэчы, працавалі паўнавартасна, выконвалі свае абавязкі дэпутацкія, нам не патрэбна было б збіраць зараз гэтыя подпісы».

Юлія Ганісеўская мае вялікі досвед валанцёрскай, грамадскай працы па паляпшэнню сацыяльнай інфраструктуры мікрараёну, яна не аднойчы збірала подпісы пад калектыўнымі зваротамі да чыноўнікаў, звярталася ад сябе асабіста, прапаноўвала спосабы паляпшэння сітуацыі з недастатковай сацыяльнай інфраструктурай. У 104 мікрараёне, дзе пераважна пражываюць маладыя сем’і, няма паліклінікі, школы, дзіцячага садку, ашчаднага банку і нават паўнавартаснай пошты.

Юлія Ганісеўская на пікеце

«Я сама жыву ў гэтым раёне, добра ведаю яго праблемы, – адзначае Юлія Ганісеўская. – Калі я стану дэпутатам, мне будзе прасцей дамагацца ад чыноўнікаў належных умоў пражывання. Дэпутат па вялікаму рахунку – народны кантралёр. Маю ўжо досвед падобнай працы, ёсць сілы, ёсць жаданне гэтым займацца, вырашаць праблемы гэтага раёну. Калі стану дэпутатам, людзям не трэба будзе папярэдне да мяне запісвацца на прыём, дазволю прыходзь са сваймі праблемамі прама да мяне дадому. Паўнамоцтвы дэпутата мясцовага ўзроўню не бязмежныя, але ў прынцыпе такое пытанне як адсутнасць дзіцячага садку вырашыць можна. Калі спатрэбіцца пайду да міністра, буду сядзець у яго пад кабінетам, начаваць, галадаць, поўзаць на каленях, але дамагуся свайго».

Таццяна Караткевіч га пікеце

«Але самае важнае – трэба прыйсці 18 лютага і прагаласаваць, – пераконвае выбарцаў падчас пікету Таццяна Караткевіч, – каб наш кандыдат Юлія Ганісеўская атрымала магчымасць адстойваць інтарэсы людзей. Кампанія «Гавары праўду» ідзе на выбары каб дэпутаты перасталі быць чыноўнікамі, каб у Гомельскім савеце з’явіўся сапраўдны прадстаўнік народу!»

 

Ларыса Шчыракова, belsat.eu. Фота аўтара

Глядзі таксама
Каментары